Прэс-служба Белага дому паведаміла, што ЗША не выключаюць увядзеньня новых санкцый супраць афіцыйнага Менску.
«Злучаныя Штаты разам са сваімі партнэрамі і саюзьнікамі працягнуць прыкладаць свае намаганьні для таго, каб прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасьці за яго дзеяньні, у тым ліку, праз санкцыі»
«ЗША мусіць аднавіць падтрымку грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі і ўвесьці сэктаральныя санкцыі ў адказ на рэпрэсіі з боку ўраду», — заявіў старшыня камітэту замежных справаў Сэнату ЗША Робэрт Мэнэндэс (Дэмакратычная партыя) пасьля сустрэчы зь беларускай дэмакратычнай лідэркай Сьвятланай Ціханоўскай.
Папярэдні кіраўнік камітэту рэспубліканец Джым Рыш адзначыў, што Ціханоўская як лідэр апазыцыі «зазнала жорсткі перасьлед рэжымам Лукашэнкі. ЗША павінны зрабіць канкрэтныя крокі, каб падтрымаць імкненьне беларусаў да больш дэмакратычнай будучыні».
Сэнатарка-дэмакрат Джын Шэйхін, якая з 1997 па 2003 гг. займала пасаду губэрнатара штату Нью-Гэмпшыр, падкрэсьліла, што абедзьве найбуйнейшыя амэрыканскія партыі падтрымліваюць бачаньне Ціханоўскай дэмакратыі ў Беларусі.
«Спадзяюся, яе фатаздымкі ў залях Кангрэсу пасылаюць Лукашэнку выразны мэсыдж, з кім Злучаныя Штаты: зь беларускім народам», — адзначыла Шэйхін.
Шэйхін сустракалася зь Ціханоўскай разам з калегамі па Сэнаце Дэнам Саліванам (Рэспубліканская партыя) і Дыкам Дурбінам (Дэмакратычная партыя). Саліван назваў Ціханоўскую лідэрам беларускай апазыцыі, якая «мужна супрацьстаіць аўтарытарызму на сваёй радзіме і ўзначальвае магутны рух за дэмакратычныя перамены, нават знаходзячыся ў выгнаньні ў Літве».
Сама Сьвятлана Ціханоўская адзначыла, што беларусы чакаюць ад ЗША рашучых дзеяньняў.
«Чым мацней будуць меры ціску на рэжым, тым хутчэй яны дасягнуць мэты. Амэрыка ўжо прызнала Лукашэнку нелегітымным, і цяпер трэба прызнаць яго злачынным. Учора на сустрэчы з Блінкенам я сказала, што мы будзем працягваць змагацца за свабоду Беларусі, зь міжнароднай падтрымкай або без, — але салідарнасьць іншых краін зробіць гэты шлях менш балючым і хутчэйшым».
Ціханоўская заклікала ЗША:
- узмацніць падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці — праваабаронцаў, рэгіянальных ініцыятываў, студэнцтва, сем’яў палітвязьняў, мэдыя;
- узмацніць ціск на рэжым, у тым ліку праз скаардынаваныя з ЭЗ санкцыі ў дачыненьні да канкрэтных «кашалькоў» рэжыму і закрыцьцё шчылінаў для іх абыходу;
- тых, хто адказны за рэпрэсіі супраць беларусаў, — прыцягнуць да адказнасьці і паслаць Крамлю сыгнал з заклікам спыніць падтрымку нелегітымнага рэжыму;
- ня весьці ніякага супрацоўніцтва з рэжымам, у тым ліку праз праграмы Сусьветнага банку і МВФ — у адпаведнасьці з Актам аб дэмакратыі ў Беларусі, які быў прыняты ў сьнежні 2020 году.
- Узьнімаць пытаньне Беларусі ў часе міжнародных мерапрыемстваў высокага ўзроўню і запрашаць да ўдзелу ў іх беларускія дэмакратычныя сілы.