Дата дня
6 жніўня 1517 году Францішак Скарына выдаў першую друкаваную беларускую кнігу ― «Псалтыр».
Таксама ў гэты дзень
1409 ― вялікі магістар Тэўтонскага Ордэну Ульрых фон Юнгінген абвясьціў вайну Вялікаму Княству Літоўскаму і Польскаму Каралеўству.
1806 ― імпэратар Франц II Габсбург, пасьля перамогі Напалеона ў бітве пад Аўстэрліцам, адмовіўся ад нямецкай кароны, такім чынам паклаўшы канец Сьвятой Рымскай імпэрыі.
1945 ― першы ў гісторыі выпадак ужываньня атамнай зброі ― бамбаваньне амэрыканцамі гораду Хірасіма ў Японіі.
У гэты дзень нарадзіліся
1840 ― Альгерд Абуховіч, беларускі паэт і перакладчык.
Калі я, акідваючы позіркам нашую літаратуру ХІХ стагодзьдзя, шукаў у ёй асобу найбольш калярытную й экстравагантную, выбар спыніўся на Альгерду Абуховічу.
Ён быў нашчадкам старажытнага ліцьвінскага роду. Ягоныя продкі Міхал, Піліп і Тодар Абуховічы займалі высокія дзяржаўныя й вайсковыя пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім і праславіліся ў войнах супраць расейцаў, туркаў ды швэдаў, а таксама пакінулі цікавыя дыярыюшы й успаміны. Дзед пісьменьніка Язэп Абуховіч ваяваў у Касьцюшкі.
Абуховічы былі ў сваяцтве зь вядомым італійскім графскім родам Бандынэлі, які даў славутага скульптара Бача Бандынэлі й папу рымскага Аляксандра ІІІ.
У будучых мэмуарах Альгерд адзначыць: «Пазываючыся ў подпісы на дзядоў сваіх, грудзі мае парушае пачуцьцё нечага вялікага, сільнага...»
Альгерд вучыўся ў Слуцку, Жэнэве й Парыжы. Ягоным бацькам належалі вялікія маёнткі з тысячай сялянскіх д ушаў, што дазваляла маладому Ольдзю з камфортам пад арожн ічаць і жыць у Эўропе. Але ў 1863-м ён вярнуўся на радзіму, каб стаць у шэрагі паўстанцаў, а затым апынуцца ў сібірскай высылцы.
Ён бліскуча валодаў італійскай, францускай, ангельскай і нямецкай мовамі, аднак для ўласных твораў, якія падпісваў псэўданімам Граф Бандынэлі, абраў беларускую. Пры жыцьці ён ня ўбачыў ніводнага свайго тэксту надрукаваным, але ўвайшоў у гісторыю нацыянальнага прыгожага пісьменства як адзін з заснавальнікаў жанраў байкі, мастацкай прозы й мэмуарыстыкі.
Калі Альгерд вырашыў перадаць усю ўласную зямлю сялянам, суседзі-абшарнікі прыгразілі абвясьціць яго вар’ятам. Тады ён пакінуў родны дом, захапіўшы з сабою толькі ўлюбёныя кнігі, і ператварыўся ў беднага слуцкага кватаранта.
У цесным пакойчыку зь вялізнай кніжнай шафаю, адзіным неацэнным багацьцем, Граф Бандынэлі пісаў мэмуары – нязмушаны роздум вольнай душы пра эпоху, літаратуру й вечныя праблемы чалавечай экзыстэнцыі. Першымі іх чытачамі сталі ягоныя маладыя сябры і вучні з створанага Абуховічам гуртка слуцкіх гімназістаў, у які ўваходзілі Язэп Дыла і Пятро Карповіч – будучыя дзеячы беларускага нацыянальнага руху.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.92-03.
1928 ― Эндзі Ўоргал, выбітны прадстаўнік поп-арту і сучаснай культуры.
У памяці
1660 — памёр Дыега Вэляскес, гішпанскі мастак, адзін з найвялікшых прадстаўнікоў гішпанскага Залатога веку.
1877 — памёр Іван Насовіч, беларускі мовазнавец, лексыкограф, фальклярыст, этнограф.