У бібліятэцы імя Якуба Коласа Акадэміі навук прэзэнтавалі электроннае перавыданьне слоўніка беларускае мовы Івана Насовіча 1870 году — першага і шмат у чым непераўзыдзенага збору лексыкі жывой мовы XIX стагодзьдзя.
«Словарь Бѣлорусскаго нарѣчія» (які ў арыгінале меў звацца слоўнікам «крывіцкай мовы», але расейскія акадэмікі выправілі) быў крыніцай слоўнага запасу і натхненьня для беларускіх пісьменьнікаў усіх пакаленьняў. Ягонае факсымільнае перавыданьне 1983 году служыла настольным даведнікам сьвядомых носьбітаў беларускае мовы, жывым доказам яе лексычнага багацьця.
Электронную вэрсію слоўніка пачаў ствараць мовазнаўца Зьміцер Саўка. Ужо пасьля ягонай сьмерці некалькі гадоў таму справу працягнулі Алесь Булойчык, Уладзімер Кошчанка і Вячаслаў Мартысюк. Сродкі на дыгіталізацыю зьбіралі талакой.
«Электронны Насовіч» даступны ўсім карыстальнікам. Шукаць словы можна і паводле арыгінальнага напісаньня, і сучасным афіцыйным беларускім правапісам, а пошук праз ключавое слова тлумачэньня дазваляе вывесьці на экран чараду сынонімаў (прыкладам, добры — варты, выпраўны, барзы, ладны, лэпскі, прасьлічны...).
У электроннай зборцы ёсьць біяграфія і бібліяграфія Івана Насовіча. Праф. Генадзь Цыхун заўважыў у прадмове да перавыданьня: «Клясычныя лексыкаграфічныя творы пачынаюць жыць сваім жыцьцём, дастасоўваючыся да новых умоў і патрэб».