Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўторна судзяць шматразовага чэмпіёна сьвету ў баявых адзінаборствах Аляксея Кудзіна


Шматразовы чэмпіён сьвету ў баявых адзінаборствах Аляксей Кудзін, архіўнае фота
Шматразовы чэмпіён сьвету ў баявых адзінаборствах Аляксей Кудзін, архіўнае фота

5 жніўня ў раённым судзе Маладэчна пачаўся паўторны працэс у адносінах да байца-кікбаксэра Аляксея Кудзіна. Зь першага суду ён уцёк.

Аляксея Кудзіна абвінавачваюць у супраціўленьні супрацоўніку органаў унутраных справаў, яму пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

Працэс меў пачацца 19 лістапада 2020 году, аднак перад пачаткам паседжаньня спартовец, які быў пад падпіскай пра нявыезд, зьнік. Неўзабаве ён разьмясьціў у сацсетках пост, што знаходзіцца за мяжой, а яшчэ празь нейкі час яго затрымалі ў Маскве на запыт беларускага боку. Пасьля шэрагу судоў і скаргаў Расея выдала Аляксея Кудзіна Беларусі.

На пачатку пасяджэньня Аляксей Кудзін, які знаходзіцца пад вартай, хадайнічаў аб спыненьні крымінальнай справы ў сувязі з прымірэньнем бакоў. Аднак з гэтым пагадзіўся толькі пацярпелы Яндола. Іншы пацярпелы і пракурор выступілі супраць, таму хадайніцтва адхілілі.

Раней Кудзін аплаціў маральную кампэнсацыю сілавікам, прызнаным пацярпелымі: Яндолу (15 тысяч рублёў) і Зорыну (4 тысячы).

Ураджэнец Маладэчна Аляксей Кудзін займаецца адзінаборствамі з 15 гадоў. У 21 год стаў чэмпіёнам сьвету ў муай-тай, а яшчэ праз год — у кікбоксінгу. За сваю кар’еру выйграваў тытул чэмпіёна сьвету ў розных відах адзінаборстваў сем разоў. Акрамя таго, удзельнічаў у падрыхтоўцы супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Некаторыя зь іх бралі ўдзел у яго затрыманьні ўвечары 10 жніўня.

Агулам ад дзеяньняў Аляксея Кудзіна ў рознай ступені тады пацярпелі пяцёра праваахоўнікаў. Сам баец настойваў, што не рабіў нічога супрацьзаконнага, быў вымушаны абараняцца ад дзеяньняў міліцыянтаў.

Затрымлівалі спартоўца байцы САХРу ўвечары 10 жніўня, калі ён паехаў у маладачанскі шпіталь для абсьледаваньня траўмаў. Ягоны аўтамабіль заблякавалі, самога яго аглушылі сьвятлашумавой гранатай, а затым стрэлілі тройчы ў грудзі з траўматычнай зброі.

На настуны дзень Аляксея Кудзіна вывезьлі з Маладэчна ў сьледчую турму № 8 Жодзіна. Праз два тыдні яго вызвалілі да суду — узамен на прызнаньне віны і запіс гэтага на відэа. Таксама ён кампэнсаваў пацярпелым міліцыянтам каля 20 тысяч рублёў маральнай шкоды. Нягледзячы на гэта, справу перадалі ў суд.

З Масквы ў Менск Аляксея Кудзіна даставілі самалётам 21 ліпеня, нягледзячы на пратэст Эўрапейскага суду ў правах чалавека, які забараніў перадаваць байца ўладам Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG