«Нам далі 39-е правіла, у адпаведнасьці зь якім маецца забарона на экстрадыцыю, гэта значыць Аляксей Кудзін павінен знаходзіцца ў Расеі, пакуль канчатковае рашэньне ня будзе прынятае Эўрапейскім судом. Першае паседжаньне не адбылося з той прычыны, што не працуе інтэрнэт, Аляксей ня можа браць удзел, мы чакаем, калі ўсё запрацуе. Наступнае паседжаньне прызначанае на 14:00», — цытуе Марыю Красаву, адвакатку кікбаксэра, тэлеграм-канал Фонду спартовай салідарнасьці.
Летась у жніўні Аляксей Кудзін удзельнічаў у пратэстах у Маладэчне, калі адбыліся сутычкі з сілавікамі. Урэшце яго жорстка затрымалі, ён быў пад адміністрацыйным арыштам. Паралельна завялі крымінальную справу.
У лістападзе спартовец не зьявіўся ў суд і яго абвясьцілі ў міжнародны вышук. Спачатку ён хаваўся ў Францыі, але ў пачатку году прыехаў у Расею, дзе яго і затрымалі. У лютым Генэральная пракуратура Беларусі накіравала ў Маскву зварот аб экстрадыцыі.
Аляксея Кудзіна абвінавачваюць паводле артыкулу «Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якія ахоўваюць грамадзкі парадак».
У студзені Фонд спартыўнай салідарнасьці накіраваў ліст у абарону Кудзіна ў Дзяржаўную думу, пракуратуру і Алімпійскі камітэт Расеі. Зварот падпісалі больш за 330 тытуляваных атлетаў. На ягоным баку выступілі таксама праваабаронцы фонду «Грамадзянскае садзейнічаньне» і «Маскоўскі Хэльсінскі камітэт».