Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад хакею да шахмат: хто са спартоўцаў уцякаў на Захад з СССР


Крысьціна Ціманоўская ў будынку польскай амбасады ў Токіё. 2 жніўня 2021 г.
Крысьціна Ціманоўская ў будынку польскай амбасады ў Токіё. 2 жніўня 2021 г.

Беларуская бягуха Крысьціна Ціманоўская, якая адмовілася вяртацца ў Менск пасьля таго, як кіраўнікі зборнай адхілілі яе ад спаборніцтваў на Алімпіядзе ў Токіё, і зьвярнулася ў паліцыю, папрасіўшы прытулку, — далёка ня першая спартоўка з краінаў былога СССР, якая паступіла падобным чынам

Яшчэ ў часы Савецкага Саюзу некалькі спартоўцаў, у тым ліку зоркі сусьветнага ўзроўню, змаглі ўцячы з СССР на Захад, выклікаўшы маштабныя скандалы на радзіме.

«Настоящее время» ўзгадвае самыя гучныя гісторыі «спартовых уцёкаў» з СССР.

Людміла Белавусава і Алег Пратапопаў, фігурнае катаньне

Белавусава і Пратапопаў былі чэмпіёнамі ў парным фігурным катаньні на каньках на Алімпіядах у 1964 і 1968 гадах, чэмпіёнамі сьвету і Эўропы 1965–1968 гадоў, чэмпіёнамі СССР 1962–1964 і 1966–1968 гадоў, а таксама аднымі з самых вядомых спартоўцаў 1960-х і 70-х гадоў. Яны ўцяклі на Захад у 1979-м, падчас гастроляў у Швайцарыі. На той момант Пратапопаву было ўжо 47 гадоў, Белавусавай — 44. Яны не ўваходзілі ў склад зборнай, але былі салістамі Ленінградзкага балету на лёдзе.

Спартоўцы, зь іх уласных словаў, доўгі час ня думалі пра ўцёкі, але ўсё зьмянілася, калі іх не пусьцілі на іх трэцюю па ліку Алімпіяду:

«Нас нікуды і ня думалі везьці, — прыгадваў Алег. — Пра нас сказалі, што калі мы выйграем трэція Алімпійскія гульні, то застанемся за мяжой. У той час падставаў для гэтага не было. Ня ведаю, хто гэта зрабіў, але ў той час сказаць такое — гэта быў самы падступны ўдар ніжэй пояса».

Белавусава і Пратапопаў на Алімпіядзе ў Грэноблі, 1968 г.
Белавусава і Пратапопаў на Алімпіядзе ў Грэноблі, 1968 г.

Прычыны эміграцыі, з словащ фігурыстаў, у іх былі чыста творчыя: пара падкрэсьлівала, што ім патрэбныя толькі лёд і магчымасьць катацца, якой іх пазбаўляюць у СССР з прычыны іх узросту:

«У балеце на лёдзе я адчувала сябе зьняважанай. Мне ўвесь час тыкалі, увесь час прыціскалі. Таму мы вырашылі: будзе магчымасьць — нам там няма чаго рабіць», — прызнавалася Белавусава ў інтэрвію.

У СССР пасьля іхных уцёкаў разгарэўся аглушальны скандал, а згадкі пра Белавусаву і Пратапопава зьніклі нават са спартовых даведнікаў. Рэха скандалу адгукалася дзесяцігодзьдзямі. Да прыкладу, калі на Алімпіядзе ў Калгары ў 1988 годзе Белавусаву і Пратапопава запрасілі выступіць, савецкая дэлегацыя прыстрашыла, што зборная СССР у гэтым выпадку збайкатуе цырымонію закрыцьця.

Віктар Карчной, шахматы

Знакаміты савецкі шахматыст і шматразовы чэмпіён СССР Віктар Карчной стаў невяртанцам у 1976 годзе — пасьля міжнародных спаборніцтваў у Амстэрдаме ён адмовіўся вяртацца ў СССР і вырашыў застацца на Захадзе. Яму было 47 гадоў. І хоць ён быў ня першым шахматыстам — уцекачом з СССР (першым гэта зрабіў у 1921 годзе Аляксандар Алёхін), яго рашэньне таксама прывяло да вялізнага скандалу.

«Ёсьць шмат людзей, якія лічаць мяне дысыдэнтам, думаюць, што я змагаўся за распад Савецкага Саюзу. Напэўна, цалкам гэта адмаўляць нельга, — казаў Карчной у інтэрвію. — Савецкія ўлады навязалі мне вайну, і ў гэтай канфрантацыі я займаў „дысыдэнцкую“ пазыцыю. Я мусіў уцячы з СССР, бо майму шахматнаму жыцьцю пагражала небясьпека».

Віктар Карчной
Віктар Карчной

Сям’я Карчнога засталася ў СССР, і ў ягоных родных пачаліся вялікія праблемы — асабліва ў сына. Як і ў выпадку зь Белавусавай і Пратапопавым, у СССР разгарнулі кампанію дыскрэдытацыі спартоўца, а яго імя перасталі згадваць у спартовых навінах. Калі Карчной перамог у матчы прэтэндэнтаў на шахматную карону і рыхтаваўся яго матч з Анатолем Карпавым, у навінах яго называлі проста «прэтэндэнт».

Пасьля ўцёкаў Карчной жыў у Швайцарыі, куды пасьля распаду СССР пераехаў і ягоны сын. Грамадзянства СССР у яго забралі, але вярнулі ў 1990 годзе.

Гата Камскі, шахматы

Магчыма, самымі вядомымі шахматнымі ўцёкамі пасьля гісторыі з Карчным стала невяртаньне ў 1989 годзе ў СССР шахматнага «вундэркінда», шахматыста Гаты Камскага (сапраўднае імя — Гатаўлла Сабіраў). Пасьля аднаго з турніраў у Нью-Ёрку ягоны бацька Рустам Камскі, майстар спорту ў боксе, прыняў рашэньне застацца разам з сынам у ЗША.

Камскі ў інтэрвію падкрэсьліваў, што сам не прымаў рашэньня аб уцёках: за яго ўсё вырашыў бацька.

«Мне тады было 14 гадоў. За мяне ўсё вырашыў тата, ён загадзя сплянаваў гэты крок. Мы зьвязаліся з ФБР. Урэшце, у апошні дзень турніру ў Нью-Ёрку, людзі з ФБР увайшлі ў залю, і калі мая гульня скончылася, забралі мяне і майго бацьку ў наш нумар у гатэлі і ачапілі яго. Затым яны пагрузілі нас і нашыя рэчы ў фургон і адвезьлі ў галоўны будынак ФБР у Нью-Ёрку. Пасьля гэтага ў бацькі прайшоў працяглы допыт, у якім бралі ўдзел тры-чатыры чалавекі».

Гата Камскі ў Казані, 2011 г.
Гата Камскі ў Казані, 2011 г.

Камскі пазьней сказаў, што яго ўцёкі былі арганізаваныя не таму, што спартоўца нібыта перасьледавалі на радзіме за тое, што ён татарын, а каб падштурхнуць ягоную карʼеру: у шахматнай зборнай у ЗША было значна менш канкурэнтаў, чым у зборнай СССР.

У 1991 годзе Камскі стаў чэмпіёнам ЗША і дамогся права гуляць з Анатолем Карпавым матч на першынство сьвету пад эгідай FIDE. Матч ён прайграў, і пасьля гэтага ягоная карʼера пайшла на спад.

Сяргей Нямцанаў, скачкі ў ваду

Скакун у ваду Сяргей Нямцанаў, адзін з асноўных прэтэндэнтаў на перамогу ў скачках з вышкі, спрабаваў уцячы на Захад падчас Алімпіяды ў Манрэалі ў 1976 годзе. Але на той момант яму было толькі 17 з паловай гадоў, і савецкія спэцслужбы змаглі апратэставаць уцёкі — Канада давала прытулак толькі з 18 гадоў.

Пасьля ўцёкаў да спартоўца зьвярнулася яго родная бабуля, якая выхоўвала Сяргея. Жанчына выгадавала яго сама (яго бацька служыў лётнікам у групоўцы савецкіх войскаў у Вугоршчыне, а маці не магла займацца дзіцем). Яна папрасіла Нямцанава ня кідаць яе адну і вярнуцца ў краіну. У выніку праз тры тыдні спартовец усё ж такі вярнуўся ў СССР.

Сяргей Нямцанаў, 1979 г.
Сяргей Нямцанаў, 1979 г.

Умовай вяртаньня Нямцанава дадому канадзкія ўлады паставілі патрабаваньне, каб да спартоўца не ўжывалі ніякіх санкцыяў. Абяцаньне было выканана: Нямцанаў скончыў інстытут, а ў 1979 годзе выйграў чэмпіянат СССР і прабіўся ў алімпійскую зборную. Але пасьля гэтага яго карʼера фактычна завяршылася праз праблемы з алькаголем. Праз шмат гадоў Нямцанаў усё ж такі зьехаў зь сямʼёй у ЗША: туды запрасілі на вучобу ягонага сына Дзяніса, які таксама стаў скакуном у ваду.

Уладас Чэсюнас, веславаньне

Алімпійскі чэмпіён 1972 году ў веславаньні на каноэ, шматразовы чэмпіён СССР, уцёк зь Літвы ў 1979 годзе, ужо быўшы трэнэрам. Ён зьехаў у нямецкі Дуйсбург, папрасіўшы палітычнага прытулку ў Нямеччыне. Але КДБ правёў спэцапэрацыю, каб выкрасьці спартоўца — і Чэсюнаса вярнулі на радзіму.

Уладас Чэсюнас
Уладас Чэсюнас

Савецкі друк пазьней заяўляў, што Чэсюнас нібыта не зьбіраўся ўцякаць з СССР, а «трапіў у сумнеўную кампанію», а затым вярнуўся добраахвотна. Але ў Нямеччыне настойвалі на тым, што спартовец быў менавіта выкрадзены савецкімі спэцслужбамі. У 2002 годзе ў тэлефонным інтэрвію газэце Los Angeles Times Чэсюнас сказаў, што вярнуўся з Заходняй Нямеччыны «добраахвотна», але савецкія ўлады пагражалі яму турэмным тэрмінам за яго дэзэртэрства. А ў 2018 годзе яшчэ ў адным інтэрвію спартовец сказаў: «Дадому я вярнуўся на ўласнае жаданьне. Але калі б я ведаў, як мне потым будзе цяжка ў СССР, то застаўся б у Заходняй Нямеччыне. Я тры месяцы хадзіў у КДБ як на працу, пісаў тлумачальныя, даваў паказаньні. Напруга была такая, што я зьлёг у лякарню».

Аляксандар Магільны, хакей

Вядомы савецкі хакеіст уцёк на Захад 1 траўня 1989 году, адразу пасьля завяршэньня чэмпіянату сьвету ў Стакгольме: ён папрасіў палітычнага прытулку у ЗША. Пазьней высьветлілася, што ўцёкі спартоўца былі ўчыненыя не з палітычных матываў: іх рыхтавалі скаўты хакейнай каманды Buffalo Sabres, зь якой ён падпісаў кантракт.

Аляксандар Магільны
Аляксандар Магільны

Праз дваццаць два гады пасьля ўцёкаў у ЗША Магільны ў інтэрвію «Спорт-Экспресс» адзначыў, што адʼяжджаў з Масквы «жабраком» і зрабіў гэта з эканамічных матываў:

«Я адʼяжджаў з Масквы жабраком! Я быў алімпійскім чэмпіёнам, чэмпіёнам сьвету, трохразовым чэмпіёнам СССР. Пры гэтым ня меў нават мэтра жыльля. Каму патрэбнае такое жыцьцё? І гэтыя граматы з мэдалямі?» — заявіў ён.

У НХЛ Магільны зрабіў уражальную карʼеру. Ён адзін зь пяці расейскіх хакеістаў, якія набралі больш за 1000 пунктаў цягам карʼеры, а таксама першы расейскі хакеіст, які стаў капітанам каманды НХЛ.

Сяргей Фёдараў, хакей

Чэмпіён сьвету ў хакеі ў складзе зборнай СССР у 1989 і 1990 гадах Сяргей Фёдараў зьнік зь лягеру зборнай СССР летам 1990 году, напярэдадні Гульняў добрай волі ў Сіетле (ЗША). Неўзабаве ён пачаў гуляць за клюб НХЛ Detroit Red Wings.

Сяргей Фёдараў (справа) у матчы камандаў Расеі і Беларусі, 2010 г.
Сяргей Фёдараў (справа) у матчы камандаў Расеі і Беларусі, 2010 г.

З улікам таго, што яго ўцёкі прыпалі на 90-я, Фёдарава не пазбавілі грамадзянства, і праз год ён бліскуча адыграў за зборную СССР на Кубку сьвету, а потым і на іншых спаборніцтвах. Фёдараў, як і Магільны, казаў, што прычыны яго ўцёкаў былі эканамічныя: НХЛ плаціла зусім іншыя грошы. У складзе «Дэтройту» Фёдараў тройчы заваёўваў Кубак Стэнлі і стаў першым эўрапейцам, які атрымаў прыз найлепшаму гульцу рэгулярнага сэзону НХЛ. Карʼеру ён скончыў у 2012 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG