Спартыўны арбітражны суд (CAS) адхіліў запыт беларускай лёгкаатлеткі Крысьціны Ціманоўскай на адмену рашэньня Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі (НАК) аб яе адхіленьні ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях.
«Беларуская спрынтарка Крысьціна Ціманоўская 2 жніўня накіравала тэрміновую заяву аб прыняцьці мер з мэтай адмяніць рашэньне НАК Беларусі аб недапушчэньні яе ўдзелу ў адборачных спаборніцтвах сярод жанчын на 200 м на Алімпійскіх гульнях-2020. Прэзыдэнт Асобнага аддзяленьня CAS адхіліў тэрміновую просьбу адкласьці выкананьне аспрэчанага рашэньня, паколькі спартоўка не змагла даказаць сваю рацыю, каб атрымаць часовую дапамогу», — паведамляе прэс-служба выязной панэлі CAS.
На гэты момант жаночыя кваліфікацыйныя забегі на 200 мэтраў ужо адбыліся. На дыстанцыі 100 мэтраў Крысьціна Ціманоўская не адабралася ў фінальную частку яшчэ раней.
1 жніўня Крысьціна Ціманоўская заявіла, што яе спрабавалі сілай вывезьці з Токіё ў Менск, яна адмовілася ад пасадкі на самалёт.
Лёгкаатлетку выключылі з алімпійскай каманды пасьля таго, як яна выступіла з крытыкай трэнэрскага складу ў сваім Instagram. Яе ўключылі ў эстафэту 4×400 мэтраў, хоць яна рыхтавалася выступіць у бегу на 100 і 200 мэтраў. Гэта здарылася пасьля таго, як Ганну Міхайлаву і Крысьціну Мулярчык не дапусьцілі да эстафэты празь недастатковую колькасьць допінг-пробаў.