Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Загад вярнуць Ціманоўскую аддаў сам Лукашэнка». Міжнародная прэса пра скандал у Токіё


Крысьціна Ціманоўская ў аэрапорце Токіё, 1 ліпеня 2021 г.
Крысьціна Ціманоўская ў аэрапорце Токіё, 1 ліпеня 2021 г.

1 і 2 жніўня сытуацыя вакол беларускай спрынтэркі Крысьціны Ціманоўскай, якую НАК Беларусі зьняў з Алімпіяды і хацеў супраць яе волі вывезьці ў Беларусь, знаходзіцца ў цэнтры ўвагі сусьветных мэдыя.

The Washington Post: Нельга вяртаць Ціманоўскую дадому

У артыкуле пад назвай «Беларуская алімпійская спрынтэрка кажа, што яе змушалі пакінуць Токіё пасьля крытыкі алімпійскіх чыноўнікаў яе краіны» амэрыканская газэта Washington Post піша, што ў сваім адказе на спробу спартовых чыноўнікаў абавязаць яе бегчы эстафэту 4×400 Крысьціна Ціманоўская не крытыкавала кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку або ўрад. Але дзяржаўныя СМІ пачалі кампанію супраць спартоўкі пасьля публікацыі відэа зь яе абурэньнем.

Паводле Washington Post, у нядзелю намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Марцін Пшыдач напісаў у твітэры, што яго краіна прапанавала 24-гадовай спрынтэрцы гуманітарную візу. Прэм’ер-міністар Славеніі і міністар замежных справаў Чэхіі таксама заявілі, што чакаюць яе у сваіх краінах. Нацыянальнае антыкрызіснае кіраўніцтва заявіла, што дадаткова зьвязвалася зь міністэрствамі замежных справаў Аўстрыі і Нямеччыны ад імя Крысьціны Ціманоўскай.

Washington Post прыводзіць думку Кенэта Рота, выканаўчага дырэктара Human Rights Watch, які назваў дзеяньні беларускіх уладаў дзеля вяртаньня Ціманоўской «тыповымі для дыктатуры». «Ні ў якім разе нельга прымусова вяртаць яе ў Беларусь», — напісаў ён у Twitter.

News. com. au: З запісу размовы вынікае, што Ціманоўскай выразна пагражалі

Папулярны аўстрыйскі сайт News. com. au ў артыкуле «Трывожнае відэа зьяўляецца пасьля алімпійскага „выкраданьня“» зьвяртае ўвагу на апублікаваны ў ютубе запіс размовы спартовых чыноўнікаў зь беларускай спрынтэркай.

News. com. au піша, што журналісты характарызуюць сытуацыю як «выкраданьне» і што ў Беларусі Ціманоўская сапраўды магла б апынуцца ў небясьпецы.

Паводле сайту, які зьвярнуўся да мэдыя-аналітыка Джуліі Дэвіс, пэўныя фразы, што прагучалі ў размове Ціманоўскай з галоўным трэнэрам алімпійскай зборнай Беларусі ў лёгкай атлетыцы Юрыем Маісевічам, можна інтэрпрэтаваць як пагрозы: «Маўчы», «Проста заткніся», «Пакінь гэта ў спакоі», «Дай гэтаму супакоіцца», «Ты як муха ў павуціньні, чым больш ты тузаесься — тым горш заблытваесься».

The New York Тimes: загад вярнуць Ціманоўскую мог аддаць сам Лукашэнка

Амэрыканская газэта The New York Тimes у артыкуле «Алімпійская спрынтэрка зь Беларусі шукае прытулку ў Японіі, баючыся турмы на радзіме» прыводзіць думку былога беларускага дыплямата Паўла Сьлюнькіна.

Сьлюнькін, які цяпер працуе ў Эўрапейскай радзе міжнародных зносінаў, сказаў, што крытыка Крысьціны Ціманоўскай была сканцэнтраваная на бюракратычнай халатнасьці і ня мела палітычнага характару.

«Рэжым перасьледуе ўсіх, хто публічна яго крытыкуе», — сказаў Сьлюнькін. На думку былога дыплямата, Лукашэнка асабіста прыняў рашэньне вярнуць Ціманоўскую дадому.

Паводле Сьлюнькіна, Лукашэнка «вельмі любіць спорт і ўвесь час свайго кіраваньня выкарыстоўваў спартовыя перамогі ў палітычных мэтах. Таму, калі яго крытыкуюць спартоўцы ці спартоўкі, ён сапраўды гэта ўспрымае дрэнна».

На думку The New York Тimes, прымусовае адхіленьне Крысьціны Ціманоўскай ад Гульняў стала апошнім у чарадзе міжнародных інцыдэнтаў, якія прывялі да ўзмацненьня міжнароднай ізаляцыі Беларусі, і нагадвае пра захоп самалёту RyanAir у траўні сёлета, на борце якога знаходзіўся апазыцыйны Раман Пратасевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG