Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Муж Ціманоўскай расказаў, як пакінуў Беларусь і што сям'я зьбіраецца рабіць далей


Алімпійскі бэйдж Крысьціны Ціманоўскай
Алімпійскі бэйдж Крысьціны Ціманоўскай

Трэнэр Арсень Зданевіч, муж лёгкаатлеткі Крысьціны Ціманоўскай, якую спартовыя чыноўнікі падчас Алімпіяды паспрабавалі выдварыць зь Японіі, тэрмінова зьехаў зь Беларусі ва Ўкраіну.

Як расказаў колішні спартовец, а цяпер пэрсанальны трэнэр журналістам «Эўрарадыё» і KYKY, цяпер ён у бясьпецы на тэрыторыі Ўкраіны.

«Чаму вырашыў зьехаць? Па-першае, тут хоць нейкія знаёмыя, якія могуць на першы час дапамагчы. Па-другое, нават памежнікі падтрымлівалі і зычылі посьпехаў, каб у нас усё склалася. Ужо ва Ўкраіне ведаюць усю сытуацыю і гатовыя дапамагаць... Рэпрэсіі маглі закрануць і мяне, хоць прамых пагрозаў не паступала. Але я разумеў, што працаваць і жыць мне спакойна не дадуць. Рашэньне аб ад’езьдзе прыняў учора літаральна цягам паўгадзіны. З Крысьцінай пакуль няма сувязі, але ведаю, што яна пад абаронай польскага консульства ў Токіё. У далейшым плянуе пераезд у Польшчу, дзе мы і сустрэнемся».

Ацэньваючы нестандартную сытуацыю з жонкай, Арсені Зданевіч вінаваціць ва ўсім службовых асобаў, якія аказаліся цалкам некампэтэнтнымі ў сваёй справе.

«Я разумею эмоцыі Крысьціны, якая даведалася, што трэба бегчы замест сваёй дыстанцыі эстафэту 4×400 мэтраў. Таму што для яе гэта вельмі значная дыстанцыя, яна патрабуе іншай падрыхтоўкі. Навошта наогул выстаўляцца, калі нестае людзей, якія канкрэтна рыхтаваліся на гэты від, дапаўняць яе тымі, для каго, груба кажучы, 400 мэтраў, — гэта цяжка? Лепш не выстаўляць тую эстафэту, а даць дзяўчатам нармальна адпрацаваць свае віды. Проста ставяць спартоўцаў зь іншых відаў, каб закрываць дзіркі. Гэта няправільна. Кожны павінен рыхтавацца канкрэтна да свайго віду, ехаць і паказваць вынік».

Малады чалавек кажа, што ў шоку ад цяперашняй гісторыі, у якой ягоную жонку афіцыйныя асобы цяпер спрабуюць выставіць вінаватай.

«У мяне столькі злосьці, што мая жонка знаходзілася на другім канцы сьвету, а я ня мог яе абараніць. Нейкія мужыкі пад 60 гадоў спрабавалі ціснуць на яе, зламаць, давялі да сьлёз. Гэта ненармальна! Ганебныя паводзіны для любога мужчыны. І такія людзі не павінны працаваць са спартоўцамі і ў прынцыпе зь людзьмі. Гэта выходзіць за ўсе рамкі. Я не хвалююся за сябе ці сваю будучыню ў чужой краіне, але моцна перажываю за жонку, каб зь ёй было ўсё ў парадку, каб яна была пад абаронай», — кажа Арсень Зданевіч.

Паводле яго слоў, інфармацыя аб праблемах з псыхалягічным здароўем Крысьціны — правакацыя, а ўвесь канфлікт разгарэўся на эмоцыях.

«Гэтае непаразуменьне стварылі кіраўнікі дэлегацыі. Нельга спартоўца прымушаць выконваць нарматыў па відзе, якім ён ніколі не займаўся. І яшчэ безь ягонай згоды. Калі б з Крысьцінай карэктна пагаварылі, магчыма, такой сытуацыі не адбылося б. Але ніхто не паставіў нават у вядомасьць, яна даведалася ад староньніх людзей, што трэба будзе бегчы 400 мэтраў... Вядома, ня хочацца губляць усё тое, да чаго яна так доўга ішла. Крысьціна хацела добра паказаць сябе на Алімпійскіх гульнях, на жаль, ёй не далі такой магчымасьці. Проста давялі чалавека да гістэрыкі шляхам запалохваньня. Думаю, нават каб яна магла вярнуцца ў Беларусь і ёй бы нічога не пагражала, жаданьня выступаць за такую зборную ўжо не было б».

Зьвяртаючыся да спартовых чыноўнікаў, якія перасьледавалі ягоную жонку ў Токіё, Арсені Зданевіч выказаў надзею, што гэтыя людзі больш ня будуць працаваць у спорце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG