Аляксандар Лукашэнка выказаўся пра свабоду слова, заявіўшы, што ў дзяржаве «завяршаецца сыстэмная праца для навядзеньня парадку ў інфармацыйным полі», інфармуе сайт Лукашэнкі.
«Мы змагаемся не з іншадумствам або рознымі думкамі. Выразаць розныя пункты гледжаньня — зьнікне краіна. Проста свабода слова, якую мы абараняем, сёньня перарасла ў экстрэмісцкую дзейнасьць. Адна гісторыя — крытыкаваць уладу. І мы заўсёды ўспрымалі крытыку адэкватна. Іншая — заклікаць да бунту і крывавых расправаў з тымі, хто не падтрымлівае рэвалюцыйныя настроі. Нагнятаць атмасфэру страху і недаверу праз сфабрыкаваныя „зьлівы“, кібэратакі і доступ да асабістых зьвестак».
Таксама Лукашэнка сказаў, што «калі трэба будзе для бясьпекі Саюзнай дзяржавы разьмясьціць тут усе ўзброеныя сілы з усімі відамі ўзбраеньняў — яны будуць тут разьмешчаныя неадкладна». Зараз, паводле яго, у гэтым няма ніякай неабходнасьці, бо Беларусь, маўляў, мае «досыць моцныя, згуртаваныя, кампактныя Ўзброеныя Сілы».
«Акрамя „тэрытарыялаў“, мы можам у патрэбны момант у кароткі прамежак часу 500 тысяч чалавек паставіць пад ружжо, а гэта ўжо сіла. Калі будзе мала, сюды будуць уведзеныя ўсе ўзброеныя сілы Расейскай Фэдэрацыі. Такога ніколі ня будзе. Але калі трэба, мы разважаць ня будзем».
Аднак, як высьветлілася, дамоўленасьці з Расеяй пра магчымы ўвод войскаў у Беларусь не было. Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзьмітрый Пяскоў зьняпраўдзіў словы Лукашэнкі.
«Беларусь не зьвярталася да Расейскай Фэдэрацыі з нагоды магчымасьці разьмяшчэньня расейскіх узброеных сілаў», — сказаў Пяскоў агенцтву ТАСС.