Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта абсалютна новая рэальнасьць». Аналітыкі пра сустрэчу Ціханоўскай з Байдэнам


Сёньня ў Белым доме адбылася сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам. Гэтую падзею камэнтуюць аналітыкі.

Сяргей Навумчык:

«Адна толькі 15-хвілінная сустрэча з Байдэнам бяз гутарак з Блінкенам ды іншымі асобамі была б чыста сымбалічнай. (Хоць сымбалі і, калі хочаце, піяр важаць усё болей. Такая рэальнасьць.) З улікам жа гутарак зь дзеячамі, якія якраз і выпрацоўваюць палітыку ЗША — гэта важнае завяршэньне праграмы афіцыйных сустрэчаў. Увогуле мы цяпер у такой сытуацыі, што любое ўзгадваньне слова „Беларусь“ у Авальным кабінэце Белага дому — на карысьць незалежнасьці.

Што да слоў Ціханоўскай Байдэну пра тое, што выбар беларусаў цяпер не геапалітычны, а паміж законам і беззаконьнем — дык рана ці позна, але беларусам давядзецца рабіць менавіта геапалітычны выбар...»

Арцём Шрайбман:

«Я звычайна скептычны наконт выніковасьці міжнародных ваяжоў лідэраў апазыцыі. І санкцыі сабе хутчэй выбівае сам Лукашэнка, а не яму выпрошвае Ціханоўская. І ўнутры краіны, улічваючы ўсё яшчэ большыя сымпатыі да Расеі (па любым незалежным апытаньні, уключаючы онлайн-выбаркі), чым да Захаду, такія візыты хутчэй адсякаюць электарат, чым дадаюць. Адзіны бясспрэчны эфэкт гэтых паездак — падтрыманьне ўвагі да Беларусі ў сусьветных СМІ.

Але гэтым разам трэба прызнаць, што Ціханоўская і каманда выціснулі максымум з амэрыканскага турнэ.Зьмястоўна яе візыт наўрад ці б памяняўся ад наяўнасьці або адсутнасьці кароткай сустрэчы з Байдэнам. Усе сур’ёзныя дэталі абмяркоўваюцца са спэцыялістамі ў Дзярждэпе і Белым доме, сустрэча з прэзыдэнтам — гэта заўсёды пра сымбалізм. Не абмяркоўвае Байдэн, супраць колькіх яшчэ заводаў і чыноўнікаў трэба ўвесьці санкцыі.

Але сымбалізм такога ўзроўню — гэта больш, чым фотка для твітэра. Гэта моцны палітычны імпульс для амэрыканскай бюракратыі. У беларускім пытаньні гэта асабліва важна, улічваючы, што наш крызіс — відавочна не прыярытэт зьнешняй палітыкі Вашынгтону, шмат што залежыць ад узроўню і інтэнсіўнасьці ўвагі да праблемы...»

Сяргей Чалы:

«Гэта насамрэч вельмі крута, і трэба разумець, што гэта абсалютна новая рэальнасьць. І гэта адбылося напярэдадні „вялікай размовы“ Лукашэнкі з сваімі журналістамі і экспэртнай супольнасьцю ў асобе дэкана, друіда, самэлье і гэтак далей...»

Валер Карбалевіч:

«Такім чынам, сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з Джо Байдэнам усё ж адбылася. І гэта знакавая падзея. Сустрэча ў значнай ступені сымбалічная, дэманстратыўная. Аднак сымбалі ў палітыцы часам адыгрываюць велізарную ролю.

Джо Байдэн за паўгода свайго прэзыдэнцтва сустрэўся пакуль зь невялікай колькасьцю замежных лідэраў. І тым больш важна, што сярод іх аказалася і Сьвятлана.

Візыт Ціханоўскай у Вашынгтон вывеў беларускае пытаньне на больш высокі ўзровень у шкале прыярытэтаў замежнай палітыкі ЗША. І гэта галоўны вынік.

Цяпер актуальная задача — як перавесьці гэты сымбалічны капітал у рэальную падтрымку Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG