На гэтыя тэмы Юры Дракахруст гутарыць зь вядомым эканамістам Яраславам Раманчуком.
Раманчук
- Лёгіка рэжыму — укачаць у асфальт усе крыніцы вольнай думкі і тых людзей, якія гавораць народу праўду.
- Усе палітыкі альбо сядзяць, альбо зьехалі.
- З пункту гледжаньня Лукашэнкі мы — ворагі.
- Я быў у офісе, калі быў ператрус. Мэта ператрусу — «пошук крыніцаў фінансаваньня тэрарыстычнай дзейнасьці».
- У 1996 годзе, калі зачынялі наш цэнтар «Усход-Захад», нам казалі, што мы цээрушнікі. Потым нас залічылі ў эфэсбэшнікі.
- Людзі, якія прымаюць сёньня рашэньні, ня ведаюць ні эканомікі, ні культуры, ня могуць нават падлічыць страты, якія нясе Беларусь ад таго, што «філязофскія караблі» плывуць зь Беларусі.
- Я не хацеў адчуць ізноў тыя катаваньні, празь якія я прайшоў у 2010 годзе.
- Сям’я мая пакуль застаецца ў Менску.
- Я ці не адзіны чалавек, які мае забарону на ўезд у Шэнгенскую зону ад Літвы.
- Так што ў мяне не было варыянтаў — толькі Ўкраіна, якая зьяўляецца вольнай краінай.
- У кастрычніку 2019 году мне было адмоўлена ў візе ў Літву, я трапіў у сьпіс асобаў, якія становяць небясьпеку для Літвы.
- Потым мне сказалі, што, магчыма, гэта зьвязана з маёй крытыкай міжнароднай тытунёвай мафіі.
- Яна дзейнічае ня толькі ў Беларусі і Расеі, але і ў краінах ЭЗ.
- Я зьвяртаўся і да Ціханоўскай, і да Латушкі, каб яны дапамаглі вырашыць гэтае пытаньне, бо гэта абсурд.
- Я 25 гадоў адстойваю каштоўнасьці Эўропы, а гэтая самая Эўропа забараняе мне ўезд у яе.
- У 90-я гады я рыхтаваў дакумэнты для «ценевага ўраду», у які ўваходзілі Генадзь Карпенка, Станіслаў Багданкевіч, Васіль Шлындзікаў.
- З таго часу мой пункт гледжаньня не зьмяніўся.
- Маёй навуковай тэмай застаецца — як прыйсьці ад цэнтралізаванай да свабоднай эканомікі.
- Сёньня эканамічны блёк ураду не прымае рашэньні. Іх прымаюць генэралы.
- Зь імі я, на шчасьце, ніколі нічога агульнага ня меў.
- Я сеў на маршрутку, даехаў да Віцебску, адтуль — да Воршы, у Воршы сеў у цягнік у Смаленск.
- На наступны дзень са Смаленску даехаў да Бранску, потым сеў на транзытны аўтобус да Кіева.
- Паездка заняла 48 гадзін.
- Ня памятаю, калі ў мяне раней была вага 77 кіляграмаў.
- Калі ты трапляеш у рукі праваахоўных органаў, ёсьць рэчы, празь якія ты ня можаш пераступіць — калі дзеля тваёй пазыцыі некага могуць забіць.
- У нас ёсьць зубры вулічнага змаганьня, якія падрыхтаваныя да такога стаўленьня.
- У 2010 годзе я ня быў гатовы да таго, што будзе.
- Мне казалі — калі ты ня зробіш заяву, якую мы ад цябе патрабуем, Анатоля Лябедзьку забʼюць, і кроў будзе на тваіх руках.
- Калі цябе так апрацоўваюць 5 гадзін, ты думаеш не пра сваю палітычную карʼеру, а пра жыцьцё іншых людзей.
- У тых людзей, якія зараз робяць падобныя заявы, таксама знайшлі рэчы, празь якія яны ня могуць пераступіць.
- Гэта робіцца дзеля ўратаваньня жыцьця — свайго і сваіх блізкіх.
- Я нікога ня буду асуджаць.
- У 2011 годзе, калі я рабіў заяву на судзе над вязьнямі Плошчы-2010, я казаў, што яны невінаватыя ў тым, што адбылося.
- Пра гэта, на жаль, дэмакратычныя СМІ не напісалі.
- Гэта было выгадна і частцы грамадзянскай супольнасьці, якая зрабіла Раманчука ўвасабленьнем зла.
- У свой час забілі Захаранку і Ганчара. Я ня ведаў, наколькі рэальныя былі пагрозы забіць іншых людзей, якімі мяне палохалі.
- У 2020 годзе былі ўведзеныя 3 пакеты санкцыяў ЭЗ, сёлета — яшчэ адзін.
- Але за 5 месяцаў гэтага году экспарт тавараў павялічыўся на 35%.
- А экспарт тавараў зь Беларусі ў ЭЗ павялічыўся больш як у два разы.
- Пункт гледжаньня, які прасоўвае прэмʼер Галоўчанка і дарадца Лукашэнкі па эканамічных пытаньнях Бельскі, заблякаваны Нацбанкам.
- І гэтага не было б без рашэньняў Лукашэнкі.
- Чаканьні інфляцыі ў Беларусі складаюць 20% у гадавым вымярэньні.
- Хто зьяўляецца бэнэфіцыярам заходніх санкцыяў адносна Беларусі? Безумоўна, буйны расейскі бізнэс.
- Узровень залежнасьці Беларусі ад РФ істотна павялічыўся.
- Не абавязкова гэта скончыцца далучэньнем Беларусі да Расеі, але на працягу 18 месяцаў могуць быць захопленыя ўсе камандныя вышыні беларускай эканомікі.
- Для падтрыманьня цяперашняга ўзроўню заробкаў да канца бягучага году рэсурсы ёсьць.