«Рашэньнем Генэральнай пракуратуры забароненыя 49 сайтаў (!). Адначасова: акрамя сайту Аляксея Навальнага, таксама і мой сайт, і сайты Любові Собаль і Алега Сьцяпанава; усе сайты былых рэгіянальных штабоў; сайты РосЯмы і РосЖКХ, сайт „Альянса врачей“. І сайт ФБК, зразумела», — піша Волкаў.
26 ліпеня пры спробе зайсьці на navalny.com апэратары сувязі інфармуюць, што доступ да яго абмежаваны на падставе закону «Аб абароне інфармацыі».
Сайт ужо ўнесены ў сьпіс забароненых, інфармацыя пра гэта разьмешчана на «Роскомсвободе», якая рэгіструе забароны працы інтэрнэт-рэсурсаў.
Тым часам у ютубе ў адкрытым доступе пакуль знаходзіцца відэа прыхільнікаў Навальнага з расьсьледаваньнем, прысьвечаным старшыні Думы Вячаславу Валодзіну.
Сайт быў заблякаваны 15 чэрвеня паводле рашэньня Генэральнай пракуратуры Расеі. Ведамства спаслалася на артыкул 15.3 фэдэральнага закону «Аб інфармацыі, інфармацыйных тэхналёгіях і аб абароне інфармацыі». У адпаведнасьці з гэтым артыкулам блякуюцца сайты, якія зьмяшчаюць заклікі да масавых беспарадкаў, учыненьня экстрэмісцкай дзейнасьці ці ўдзелу ў незаконных масавых мерапрыемствах.
22 ліпеня на сайце Навальнага зьявілася расьсьледаваньне яго прыхільнікаў, прысьвечанае шматмільярдным актывам меркаваных сваякоў сьпікера Думы Вячаслава Валодзіна.
Некалькі гадоў таму Роскомнадзор ужо блякаваў сайт Аляксея Навальнага, але зьняў абмежаваньні, калі з рэсурсу выдалілі расьсьледаваньне, прысьвечанае мільярдэру Алегу Дзерыпаску і віцэ-прэм’еру ўраду РФ Сяргею Прыходзьку.