На думку Навальнага, Пуцін «пастаянна хлусіць» і «ня кажа ні слова праўды».
У доказ свайго тэзісу апазыцыянэр працытаваў дзьве фразы Пуціна, якія ён лічыць хлусьнёй, — пра сябе самога і пра заснаваны ім ФБК (Фонд барацьбы з карупцыяй, які ў Расеі прызналі замежным агентам). Адказваючы на пытаньні журналістаў, Пуцін, у прыватнасьці, сказаў, што Навальны «зьехаў за мяжу на лячэньне», чым парушыў правілы ўмоўнага тэрміну, а таксама што ФБК публікаваў рэцэпты «кактэйляў Молатава» (запальнай сумесі). Паплечнікі Навальнага ўжо напярэдадні паказвалі, што апазыцыянэр не па сваёй волі выехаў у жніўні 2020 году за мяжу, а быў туды перавезены ў стане комы пасьля атручваньня, і што ФБК не публікаваў ніякіх рэцэптаў «кактэйляў Молатава» і не заклікаў да беспарадкаў.
- Аляксей Навальны знаходзіцца ў калёніі ва Ўладзімірскай вобласьці РФ — туды яго адправіў у лютым суд, замяніўшы ўмоўны тэрмін па старой крымінальнай справе на рэальны. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем, а краіны Захаду заклікаюць яго вызваліць. Ягоны інстаграм працягвае абнаўляцца запісамі ад ягонага імя, хоць і ня вельмі часта.
- І Пуцін, і Байдэн на прэс-канферэнцыях пасьля сустрэчы ў Жэнэве пацьвердзілі, што абмяркоўвалі тэму Навальнага. Пра падрабязнасьці яны не сказалі.
- Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў у чацьвер сказаў, што амэрыканскі бок ня ставіў пытаньня пра ўключэньне Навальнага ў сьпіс на абмен вязьнямі.
- Байдэн, адказваючы на пытаньне журналіста, сказаў, што гіпатэтычная сьмерць Навальнага ў турме будзе мець для Расеі «катастрафічныя наступствы», у першую чаргу пацярпіць яе пазыцыя на міжнароднай арэне.