Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта робіцца дзеля пэўнай палітычнай кампані». Паўлюк Быкоўскі пра зачыстку НДА


Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі

Палітычны аналітык Паўлюк Быкоўскі спрабуе знайсьці рацыянальныя матывы ў дзеяньнях улады па зачыстцы грамадзянскай супольнасьці, адказвае на пытаньне, ці парушае Менск міжнародныя канвэнцыі, і заяўляе, што ўсё роўна грамадзкія ініцыятывы будуць прарастаць скрозь асфальт.

Сьцісла:

  • Зачыстка робіцца мэтанакіравана і стратэгічна, гэта падрыхтоўка да пэўнай палітычнай кампаніі
  • Самаарганізацыя — тое, чаго ўлады не разумеюць, чаго яны баяцца і што не навучыліся перахопліваць і браць пад сваё кіраўніцтва
  • Уладам трэба дэмабілізаваць насельніцтва, каб людзі сядзелі дома і не высоўваліся.
  • Рэжым сутыкнуўся з палітычным крызісам, стаў непапулярным, і выйсьце яны знайшлі ў адкрытым выкарыстаньні сілы супраць апанэнтаў

— Улады за адзін дзень закрылі звыш 40 недзяржаўных арганізацый, прытым сярод закрытых ёсьць і тыя, якія ня маюць ніякага дачыненьня да грамадзка-палітычнай дзейнасьці. Ці варта гэта назваць пэўнай эмацыйнай рэакцыяй, выкананьнем словаў Лукашэнкі пра «зачыстку», ці гэта частка абдуманай стратэгіі?

— Яшчэ ў сакавіку міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на санкцыі беларуская грамадзянская супольнасьць, пра якую так клапоціцца Захад, проста зьнікне. Вынікала, што Захаду гэтая беларуская грамадзянская супольнасьць чамусьці патрэбная, а Беларусі — не.

Мне падаецца, што зачыстка робіцца мэтанакіравана і стратэгічна. Улады хочуць атрымаць сытуацыю, калі ня будуць чутны альтэрнатыўныя галасы, якія могуць выказваць экспэртную думку або акумуляваць розныя інтарэсы. Усё разам паказвае, што гэта робіцца дзеля пэўнай палітычнай кампаніі. Тут мы можам толькі здагадвацца, што гэта за кампанія — рэфэрэндум па зьмене Канстытуцыі, ці рэфэрэндум наконт паглыбленьня інтэграцыі, ці нешта яшчэ, пра што нам яшчэ не сказалі. Але выглядае, што самая рэалістычная мэта ўладаў — рэфэрэндум па Канстытуцыі.

— Сярод ліквідаваных арганізацый ёсьць тыя, якія займаліся грамадзка-палітычнымі працэсамі, а ёсьць тыя, якія займаліся дабрачыннасьцю, адукацыяй, сацыяльнымі праблемамі. Іх за што?

— Трэба адзначыць, што выканкамы ліквідуюць «установы» сваім рашэньнем, яны юрыдычна маюць на гэта права, а грамадзкія аб’яднаньні ліквідуюцца рашэньнем суду — гэта больш доўгі юрыдычны працэс.

Калі казаць пра «Имена Медиа», то яны дапамагалі ахвярам рэпрэсій, гэта стала рэакцыяй на тое, калі ў жніўні з-за кратаў выйшлі зьбітыя людзі. «Имена» тады ўжо пакаралі, забаранілі карыстацца замежнай гуманітарнай дапамогай. Тое, што яны разглядалі як сацыяльны праект — дапамогу зьбітым затрыманым — улады, відаць, разглядаюць як неляяльнасьць.

Можна прызнаць, што ўлады змагаюцца зь любой ініцыятывай зьнізу. Самаарганізацыя — гэта тое, чаго яны не разумеюць, чаго яны баяцца і што не навучыліся перахопліваць і браць пад сваё кіраўніцтва. Яны могуць выкарыстоўваць бюджэтныя грошы на стварэньне нейкай арганізацыі, якая ў патрэбны момант будзе некуды выходзіць і разгортваць сьцягі. Але зрабіць ініцыятыву, якая сама захоча падтрымліваць рэжым — такога ў іх пакуль не атрымлівалася.

І цяпер, калі ня трэба «захоўваць твар» перад партнэрамі на Захадзе — дык навошта разьбірацца ў акалічнасьцях? Можна ліквідоўваць усіх.

— А чаму ў іх не атрымалася стварыць псэўда-грамадзянскую супольнасьць?

— Бо паводле палітычнай структуры (аўтарытарны рэжым з элемэнтамі султанізму, а ад жніўня 2020-га яшчэ і элемэнты вайсковага рэжыму) такому рэжыму не патрэбна мабілізаваць насельніцтва. Яму, наадварот, трэба дэмабілізаваць насельніцтва, каб людзі сядзелі дома і не высоўваліся.

Людзі, якія высоўваюцца — падазроныя ў прынцыпе. Нават калі яны ня кажуць нічога кепскага пра ўладу — яны могуць думаць нешта кепскае, а гэта таксама небясьпечна. У гісторыі Беларусі былі прыклады закручваньня гаек у грамадзянскай супольнасьці, і тады людзі траплялі ў пастарункі за тое, што правялі суботнік без дазволу.

Раней не было такой юрыдычнай формы, як «установа» — гэта стала такім абходным шляхам, як можна зарэгістраваць грамадзкую арганізацыю ў Беларусі. Пасьля 2010 году гэта стала вельмі модным, і гэта дало магчымасьць даволі хутка рэгістравацца. Мы зараз пабачым, ці пакараюць тых людзей, якія ў свой час рэгістравалі гэтыя «ўстановы».

— Ці можна сказаць, што ўлада адкінула як непатрэбныя нейкія маральныя абавязкі перад сусьветнай супольнасьцю і цяпер можа быць такой, якой яна і хацела быць — аўтарытарнай, без намёку на альтэрнатыўную думку, безь неабходнасьці «прыкідвацца», гуляць у «цывілізаванасьць»?

— Адбылася пэўная трансфармацыя рэжыму. Ён сутыкнуўся з палітычным крызісам, стаў непапулярным, і выйсьце яны знайшлі ў адкрытым выкарыстаньні сілы супраць апанэнтаў. Не пераконваньне, ня спроба зноў спадабацца, ня нейкія гульні пад дываном — а адкрытае выкарыстаньне сілы. Таму цяпер маскі скінутыя, і можна рабіць тое, пра што раней марылі, але не маглі сабе дазволіць.

Зь іншага боку, у гэтай сытуацыі быў відавочны геапалітычны выбар. Раней даволі доўга існавала ўстаноўка на шматвэктарнасьць, МЗС у значнай ступені быў «міністэрствам эўрапейскіх спраў» — бо расейскім кірункам займалася адміністрацыя прэзыдэнта. І цяпер тыя неэўрапейскія партнэры, на якія ідзе пераарыентацыя, альбо не цікавяцца правамі чалавека, альбо таксама выкарыстоўваюць антызаходнюю рыторыку.

— Сёньняшнія дзеяньні па скасаваньні грамадзянскай супольнасьці — ці могуць яны фармальна парушаць нейкія міжнародныя канвэнцыі, дамовы, падпісаныя Беларусьсю?

— Парушаецца Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які Беларусь ратыфікавала. Але гэтыя правы парушаліся і раней. Чаму сталі рэгістраваць «установы» замест «грамадзкіх аб’яднаньняў»? Бо парушалася права на свабоду асацыяцыяў, не давалі разьвівацца такой форме. «Установа» — гэта даволі моцна абядняе структуру. Калі ў грамадзкіх аб’яднаньнях ёсьць спрэчкі, выбары — «установа» можа існаваць і без усяго гэтага.

— Ці можна прагназаваць, колькі пратрымаецца гэткае стаўленьне да грамадзянскай супольнасьці? Я, вядома, ня маю на ўвазе варыянт зьмены гэтага палітычнага рэжыму — тады больш-менш усё зразумела. Я маю на ўвазе, што на той час, пакуль гэты рэжым будзе заставацца ва ўладзе — ці могуць узьнікнуць такія абставіны, што яму давядзецца зноў пачынаць пэўную лібэралізацыю?

— Чаму ўзьнікаюць такія грамадзкія ініцыятывы, найперш сацыяльныя? Бо дзяржава ня ў стане выканаць усе свае абавязкі, пра якія абвясьціла. З гэтай жа прычыны зьяўляюцца і экалягічныя ініцыятывы — хтосьці змагаецца ў цэлым, а хтосьці супраць канкрэтнага прадпрыемства, якое атручвае тэрыторыю. Таму я думаю, што гэтыя ініцыятывы ўсё роўна будуць прарастаць праз асфальт.

Ці, напрыклад, акажацца, што дзяржаўным установам патрэбная аналітыка, якую ім давалі незалежныя экспэрты — бо ў дзяржавы няма сваіх рэсурсаў для такіх дасьледаваньняў. Да таго ж праз пэўны час у незалежніцкія ініцыятывы прыходзяць новыя людзі, якія асабіста не сутыкаліся з рэпрэсіямі 2020-21 гадоў — гэта здаралася неаднаразова ў сучаснай гісторыі Беларусі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG