Адпаведны пазоў міністэрства знаходзіцца ўжо ў Вярхоўным судзе. Падстава для ліквідацыі — «паўторныя парушэньні заканадаўства», паведамляюць «Вясна» і Эўрарадыё.
Як паведаміў БелаПАН намесьнік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі, арганізацыя мае намер «да канца змагацца» за свой афіцыйны статус. «Відавочна, што гэта брутальная расправа над арганізацыяй», – заявіў ён.
Паводле словаў Гарэцкага, Мін’юст не паведаміў БАЖ афіцыйна аб намеры ліквідаваць арганізацыю. Таксама ён падкрэсьліў, што офіс БАЖ усё яшчэ апячатаны і арганізацыя ня можа ліквідаваць парушэньні, паколькі ў яе няма доступу нават да статутных дакумэнтаў і друку, пра што БАЖ праінфармаваў Мін’юст.
БАЖ — грамадзкае аб’яднаньне журналістаў Беларусі, якое дзейнічае з восені 1995 году. Асноўныя мэты дзейнасьці: абарона правоў журналістаў і прынцыпаў свабоднай і прафэсійнай журналістыкі. Старшыня БАЖу — Андрэй Бастунец.