Пра гэта паведамляе балтыйскае агенцтва BNS са спасылкай на намесьніка міністра ўнутраных спраў Літвы Арнальдаса Абрамавічуса.
Два тыдні таму ў Літве пачалі будаваць фізычную перашкоду з калючага дроту. Будаўніцтвам занялася армія, пастаўкі даручылі арганізаваць МУС і Службе аховы дзяржаўнай мяжы.
23 ліпеня міністар нацыянальнай абароны Літвы Арвідас Анушаўскас паведаміў у Фэйсбуку, што з вайсковых рэзэрваў было выкарыстана 4,5 км калючага дроту, і цяпер, каб працягнуць абсталяваньне загароды, патрабуюцца пастаўкі з-за мяжы.
Паводле намесьніка міністра МУС Літвы, некалькі краін, у тым ліку Данія і Славаччына, заяўляюць пра гатовасьць прадаць калючы дрот ці перадаць яго бязвыплатна.
Раней міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце заявіла, што збудаваць фізычны бар’ер плянуецца на 550-кілямэтровым участку мяжы. Кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Рустам Любаеў адзначыў, што загароду можна паставіць цалкам за некалькі месяцаў.
Літва пачала будаваць на мяжы загароду з калючага дроту 9 ліпеня. Прынята таксама рашэньне паралельна ўзводзіць дадатковы плот.
За мінулы дзень у Літве затрымалі 92 мігрантаў, якія незаконна перасеклі мяжу з боку Беларусі. З пачатку 2021 году літоўскія памежнікі затрымалі на мяжы зь Беларусьсю 2430 мігрантаў — у 30 разоў больш, чым за ўвесь 2020-ты. Сярод затрыманых — грамадзяне Іраку (1380), Конга (184), Камэруну (124), Гвінэі (78), Аўганістану (77), Ірану (74), Расеі (76), Сырыі (71) і іншых краін, а таксама асобы, у якіх не было дакумэнтаў.