Толькі за ліпень памежнікі затрымалі 1769 мігрантаў. У чэрвені 473, у траўні – 77, у красавіку – 70, у сакавіку – 8.
Сярод затрыманых на літоўскай мяжы мігрантаў 1380 былі грамадзянамі Іраку альбо назваліся такімі. Акрамя таго, грамадзян Конга было 184, Камэруну – 123, Гвінэі – 78, Ірану – 74, Сырыі – 71, яшчэ 77 чалавек маюць грамадзянства Аўганістану ды іншых краін.
9 ліпеня Літва пачала ставіць 550-кілямэтровую агароджу з калючага дроту на мяжы зь Беларусьсю, абвінаваціўшы беларускія ўлады ў тым, што яны пускаюць у краіну мігрантаў з-за мяжы, каб затым незаконна перапраўляць іх у Эўразьвяз. Агароджа на мяжы зь Беларусьсю будзе каштаваць Літве больш як 40 млн эўраў.
Літва абвінавачвае афіцыйны Менск у датычнасьці да арганізацыі патоку мігрантаў зь Беларусі.
Парлямэнт Літвы на мінулым тыдні прыняў рэзалюцыю, якою прызнаў штораз большую міграцыю празь Беларусь «гібрыднай агрэсіяй».
20 ліпеня стала вядома, што прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа падпісаў папраўкі да закону аб праўным становішчы іншаземцаў, ініцыяванага праз крызіс зь нелегальнымі мігрантамі.
Папраўкі, сярод іншага, прадугледжваюць скарачэньне тэрмінаў разгляду просьбы аб прыстанішчы да дзесяці дзён і пазбаўленьне права абскардзіць рашэньне суду першай інстанцыі ў апэляцыйным парадку.
21 ліпеня літоўскі міністар замежных спраў Габрыелюс Ландсбергіс, паводле вынікаў сустрэчы 21 чэрвеня з ірацкім калегам Фуадам Хусэйнам, заявіў, што Ірак гатовы да дыялёгу аб праблеме сваіх грамадзян, якія нелегальна прыбываюць у Літву зь Беларусі.
Акрамя таго, міністар заклікаў ірацкага калегу да ўмацаваньня супрацоўніцтва паміж прадстаўнікамі праваахоўных органаў дзьвюх краін.
У гэты ж дзень Ландсбергіс абмеркаваў праблему нелегальнай міграцыі ў Літву з калегамі на пасяджэньні Савета міністраў замежных спраў Эўразьвязу ў Люксэмбургу.