У Нацбанку Беларусі адзначылі, што гэтая мера «дазволіць пашырыць магчымасьці суб’ектаў гаспадараньня ў рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) на інтэрнэт-сайтах у беларускім сэгмэнце інтэрнэту для трымальнікаў картак „Мир“».
Банкі, якія аказваюць паслугі інтэрнэт-эквайрынгу, пачнуць прымаць карткі «Мир» з 1 студзеня 2023 году.
Плацежная сыстэма «Мир» — нацыянальная аплатная сыстэма Расеі, разьлікі ў якой ажыцьцяўляюцца ў расейскіх рублях. Праз акупацыю Расеяй Крыму і санкцый за гэта «Мир» мае абмежаваную сфэру прымяненьня. Усе функцыі яна выконвае толькі ў самой Расеі і на грузінскіх тэрыторыях, акупаваных Расеяй — Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.
На падставе пагадненьня аб абслугоўваньні мясцовых аплатных сыстэмаў ЭАЭС «Мир» працуе таксама ў Армэніі, Кіргізстане і Віетнаме.
Праз санкцыі карткі «Мир» ня прывязваюцца да PayPal і WebMoney, імі нельга карыстацца для куплі праграм у Google Play, немагчыма зрабіць пакупкі ў замежных інтэрнэт-крамах Amazon і Ebay.
Прыход расейскай аплатнай сыстэмы на беларускі рынак — адзін з імаверных этапаў далейшай інтэграцыі Беларусі з Расеяй. Урады краін працягваюць узгадняць так званыя «дарожныя мапы».
У красавіку амбасадар Беларусі ў Расеі Ўладзімер Сямашка заявіў, што «падпісаньне „дарожных мапаў“ інтэграцыі можа адбыцца ў верасьні-кастрычніку». Ён жа абяцаў у ліпені-жніўні сёлета пасяджэньне ўраду «саюзнай дзяржавы».
Усяго ўрады Расеі і Беларусі ўзгадняюць 28 «дарожных мапаў», хаця раней назвалася колькасьць у 31 мапу.