Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэдка калі Байдэну выпадзе зручнейшы шанец». Што піша заходняя прэса пра візыт Ціханоўскай у ЗША


Сьвятлана Ціханоўская на сустрэчы з дыяспарай у Вашынгтоне
Сьвятлана Ціханоўская на сустрэчы з дыяспарай у Вашынгтоне

Рэдакцыйны артыкул Washington Post, апісваючы візыт Сьвятланы Ціханоўскай у ЗША, рэкамэндуе адміністрацыі прэзыдэнта Джо Байдэна прыняць супраць рэжыму Лукашэнкі санкцыі, «якія адпавядалі б альбо нават перавышалі апошні пакет санкцыяў Эўразьвязу».

«Байдэн павінен дзейнічаць»

На думку Washington Post, «Злучаным Штатам варта ўзяць прыклад з Брусэлю» ў імкненьні ізаляваць «кашалькі» Лукашэнкі і закрыць ім «усе шчыліны».

ЗША таксама могуць «працягнуць руку людзям у Беларусі, якія знаходзяцца ў аблозе». Washington Post зазначае, што актывісты маюць патрэбу ў «мэтадах абыходжаньня блякады інтэрнэту, фінансавай падтрымцы ў выглядзе крыптавалюты і замены абсталяваньня, канфіскаванага рэжымам».

«У Беларусі адбываецца ня што іншае, як абуджэньне новага пакаленьня, — піша WP і робіць выснову: — Рэдка калі прэзыдэнт Байдэн будзе мець зручнейшы шанец, каб падмацаваць сваю прадэмакратычную рыторыку цягліцамі. Яму варта сустрэцца са Сьвятланай Ціханоўскай, якая проста просіць сусьветныя дэмакратыі зрабіць ціск на рэжым, каб ён уступіў у перамовы, што прывялі б да новых выбараў. Тады Байдэн мусіць дзейнічаць».

«Лукашэнка будзе ўлагоджваць Пуціна, а ня Захад»

Ці могуць санкцыі зьмяніць паводзіны афіцыйнага Менску і чаму іх навязваньне можа прывесьці да зваротных вынікаў, разважае аглядальнік Washington Post Дэніэл Дрэзнэр. Ён апісвае беларускую сытуацыю, дзе дзейны кіраўнік краіны «парушае міжнародныя нормы», а «сапраўдная пераможца леташніх прэзыдэнцкіх выбараў» Сьвятлана Ціханоўская просіць ЗША ўвесьці эканамічныя санкцыі супраць кашалькоў Лукашэнкі, каб прымусіць яго зьмяніць свае паводзіны і вызваліць палітвязьняў.

WP прызнае, што заклік да санкцыяў важны, бо «калі эканамічныя разьлікі каманды Ціханоўскай слушныя, то новыя санкцыі могуць сур’ёзна пашкодзіць Лукашэнку і ягоным хаўрусьнікам». Але аглядальнік нагадвае, што ў Лукашэнкі ёсьць «вялікадзяржаўны дабрадзей, гатовы кампэнсаваць любыя дадатковыя санкцыі: Расея», і выказвае асьцярогу, што санкцыі яшчэ больш падштурхнуць яго «ў рукі Пуціна». Ён спасылаецца на дасьледаваньне навукоўца Мікэля Саерсэна, які ў 2019 годзе прыйшоў да высновы, што «санкцыі, уведзеныя ў дачыненьні да Беларусі ў пэрыяд з 2004-га па 2016 год, умацавалі яе сувязі з Расеяй і пагоршылі сытуацыю з правамі чалавека». Ён мяркуе, што Лукашэнка, «сутыкнуўшыся з цяжкім выбарам, будзе ўлагоджваць Пуціна, а ня Захад. Вось што адбылося б, калі б былі ўведзеныя новыя санкцыі».

«Падазронасьць ЗША ў дачыненьні да Масквы можа дапамагчы»

The Times цытуе Сьвятлану Ціханоўскую, якая падчас паездкі ў ЗША «заклікала прэзыдэнта Расеі Пуціна спыніць умяшаньне ў справы яе краіны».

«Паводле Сьвятланы Ціханоўскай, пытаньні пра ўплыў расейскага лідэра на яе краіну зьбіваюць з панталыку», — піша The Times. «Мы павінны даць выразны сыгнал Крамлю, што «вы можаце згуляць канструктыўную ролю... але ня ўмешвайцеся ў нашу ўнутраную палітыку, — сказала яна. — Гэта наша праблема, і мы мусім вырашаць гэтыя праблемы самі».

Выступаючы пасьля сустрэчы з Джэйкам Салівэнам, дарадцам прэзыдэнта Байдэна ў нацыянальнай бясьпецы, Ціханоўская сказала, што «так званая дружба паміж прэзыдэнтам Расеі і экс-прэзыдэнтам Беларусі [Лукашэнкам] даволі дзіўная. Мы змагаемся за сваю краіну. Гэта не барацьба супраць Расеі, гэта не прарасейская або празаходняя барацьба, гэта барацьба паміж мінуўшчынай і будучыняй».

The Times тлумачыць, што Ціханоўская патрабуе больш жорсткіх санкцый у дачыненьні да некаторых асноўных галін прамысловасьці Беларусі, а таксама кампаній, якія працуюць у калійным, нафтавым, лясным і сталеліцейным сэктарах. «Яна не сустракалася з Байдэнам, але спадзяецца, што глыбокая падазронасьць у дачыненьні да Масквы, якой прасякнутая адміністрацыя ЗША, дапаможа яе справе», — піша The Times.

  • 18 ліпеня пачаўся візыт Сьвятланы Ціханоўскай у ЗША. У яе праходзяць сустрэчы на высокім узроўні ў Дзяржаўным дэпартамэнце і Белым доме.
  • Візыт Ціханоўскай асьвятляюць таксама CNN, VOA, Al Jazeera, Reuters, Independent ды іншыя сусьветныя інфармацыйныя агенцтвы і выданьні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG