«Я таксама проста беларуска. І на кожным з нас ляжыць адказнасьць. Задаюць пытаньне: „Што мы можам зрабіць, каб усё зьмяніць?“ А мы ўжо робім. Ня будзе так, што нешта здарыцца і ўсё памяняецца. Ня будзе такога, што хтосьці прыйдзе і ўсіх ўратуе. Гэта ў руках беларусаў унутры краіны — і вас з намі. Гэта працэс. І мы ў ім, на самай справе, перамагаем. Ужо год мы супрацьстаім. У іх зброя, у іх сіла, яны спрабуюць усяляк людзей прымусіць маўчаць.
Кожная кропелька дапамогі важная. А калі нас дзевяць мільёнаў, гэта ўжо цэлае мора дапамогі. Таму працягвайце рабіць тое, што вы робіце: пішыце лісты палітвязьням, дапамагайце фінансава, кажаце пра нас, кантактуйце з мясцовым кіраўніцтвам, падключайцеся да акцый салідарнасьці. Гэта міжнародная падтрымка — і яна вельмі моцна цісьне на рэжым», — сказала Сьвятлана Ціханоўская, выступаючы перад беларусамі.
У інтэрвію ТАСС Святлана Ціханоўская сказала, што плянуе падчас сваёй паездкі ў Вашынгтон правесьці сустрэчы з амэрыканскім прэзыдэнтам Джо Байдэнам і дзяржсакратаром Энтані Блінкенам. Аднак пакуль яна ня можа дакладна пацьвердзіць гэтыя сустрэчы.
Ціханоўская чакае, што ЗША маглі б узяць на сябе ролю пасярэдніка ў перамовах апазыцыі і беларускіх уладаў. Яна таксама плянуе абмеркаваць з амэрыканскімі ўладамі падтрымку грамадзянскай супольнасьці ў краіне.
– Мы аб пасярэдніцтве гаворым таксама ўсюды. Хтосьці павінен узяць на сябе адказнасьць за гэта. І, вядома ж, ЗША, на якія глядзіць увесь сьвет, могуць быць «чэмпіёнам» у гэтым. Таму будзем шмат пра што казаць, перш за ўсё аб падтрымцы грамадзянскай супольнасьці, – сказала Святлана Ціханоўская.
У праграме візыту Сьвятланы Ціханоўскай у ЗША:
- сустрэчы на высокім узроўні ў Дзяржаўным дэпартамэнце і Белым доме
- Ціханоўская запрошаная на ўрачыстае адкрыцьцё двухпартыйнага беларускага кокусу «Сябры Беларусі» у Кангрэсе ЗША — групы амэрыканскіх кангрэсмэнаў, якія будуць працаваць выключна па тэме Беларусі
- сустрэча з сэнатарамі-членамі Палаты прадстаўнікоў ЗША ад Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партыяў
- сустрэча з Самантай Паўэр, кіраўніцай USAID — амэрыканскага агенцтва міжнароднай дапамогі
- інтэрвію вядучым сусьветным СМІ: CNN, MSNBC, Foreign Policy, National Interest, Voice of America і правядзе сустрэчу з рэдакцыяй Washington Post.