Журналістаў Алега Грузьдзіловіча, Іну Студзінскую, Алеся Дашчынскага, якія шмат гадоў працавалі на Радыё Свабода, затрымалі 16 ліпеня. У іх кватэрах правялі вобшукі. Сваякам і калегам дагэтуль невядома, у чым абвінавачваюцца журналісты.
Алег Грузьдзіловіч
Алегу Грузьдзіловічу 62 гады. Ён — вэтэран Радыё Свабода. Прыйшоў працаваць на РС яшчэ на пачатку 1990-х.
Нарадзіўся ў Берасьці. Працаваў загадчыкам аддзелу і адказным сакратаром у газэце «Знамя юности» ў часы перабудовы, калі выданьне мела самы вялікі тыраж у Беларусі — 800 тысяч і было папулярным. Быў адным са стваральнікаў інфармацыйнай агенцыі «РИД» («Реклама и дайджест»).
Сваю журналісцкую працу на Радыё Свабода прысьвяціў праваабарончай тэматыцы, палітычным рэпрэсіям, судам. Алег Грузьдзіловіч наведаў усе судовыя паседжаньні па гучнай справе аб выбуху ў менскім мэтро 11 красавіка 2011 году. Працаваў ня толькі на судзе, але і з дакумэнтамі і сьведкамі. Вынікам стала кніга «Хто ўзарваў менскае мэтро?».
Летам 2020 году актыўна асьвятляў грамадзка-палітычныя падзеі ў Беларусі, вёў папулярныя тады стрымы Радыё Свабода.
У жніўні 2020 году быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС разам з большасьцю журналістаў замежных СМІ. У лістападзе быў затрыманы на акцыі пратэсту, якую асьвятляў як журналіст, і пакараны арыштам на 15 сутак. Падчас адбыцьця сутак у Баранавічах цяжка захварэў на каранавірус.
Жонка Мар’яна была ўвосень 2020 году звольнена з БДУ з палітычных матываў. Алег і Мар’яна выгадавалі трох сыноў, маюць унучак.
Алег мае лецішча пад Менскам, дзе зьбірае розныя рарытэты і ахвотна вырошчвае кветкі. Ягонае хобі — мадэлі караблёў. Гэтая праца вымагае шмат цярплівасьці.
Калегі любяць яго за далікатнасьць і ахвярнасьць — ён заўсёды гатовы прыйсьці на дапамогу.
«На ім трымалася Свабода», — сказаў адзін з калегаў журналіста.
Іна Студзінская
Іне Студзінскай 64 гады. Пасьля журфаку яна працавала на абласным радыё ў Берасьці, потым вярнулася ў Менск. У сталіцы працавала на папулярным радыё «Беларуская маладзёжная», затым — на «101.2 fm». «Беларускую маладзёжную» зачынілі пры Вячаславу Кебічу, а «101.2 fm» — пры Аляксандру Лукашэнку.
На Радыё Свабода Іна Студзінская займалася тэмамі мэдыцыны, адукацыі, сацыяльнай сфэры. «Адна з самых кваліфікаваных журналістак, якая глыбока і грунтоўна пісала на розныя тэмы, прафэсійна разьбіралася ў іх. Мае вялікае кола знаёмстваў сярод экспэртаў па тэме аховы здароўя, адукацыі і культуры. Актыўна асьвятляла важныя падзеі грамадзкага і палітычнага жыцьця. Надзейны чалавек», — ахарактарызаваў Іну калега.
На Радыё Свабода Іна лічылася неафіцыйным «прафсаюзным» лідэрам: клапацілася пра калег і заўсёды прыходзіла на дапамогу. Мае мужа-навукоўца і сына-праграміста.
Любіць падарожнічаць, прыгожа апранацца. «Яна праз душу прапускае ўсё, што адбываецца ў краіне і з калегамі. За ўсіх хвалюецца. Цяпер мы хвалюемся за яе, бо яна мае праблемы зь ціскам, са зрокам», — кажа яе калега.
У верасьні 2020-га страціла акрэдытацыю МЗС у сувязі з рашэньнем ведамства правесьці пераакрэдытацыю журналістаў замежных СМІ.
Алесь Дашчынскі
Алесю Дашчынскаму 59 гадоў. Ён родам з Пастаўскага раёну. Там дагэтуль захаваўся бацькоўскі дом Алеся, ён любіць сваю вёску, праводзіць там вольны час. У бацькоўскім доме Алеся і затрымалі.
Алесь Дашчынскі працаваў у нямецкай службе дзяржаўнага радыё. Дасканала валодае нямецкай мовай, экспэрт па Нямеччыне, палітычных кантактах і сувязях зь Беларусьсю.
Пасьля працаваў на Радыё Рацыя, на Радыё Свабода — з 2004 году. На Свабодзе яго называюць здабытчыкам эксклюзіваў. «Ён можа дагрукацца да каго заўгодна, раней тэлефанаваў Барысу Беразоўскаму, розным міністрам, палітыкам. Можа раздабыць любыя камэнтары. Задаваў вострыя пытаньні на прэсавай канфэрэнцыі Аляксандру Лукашэнку», — кажа ягоны калега.
Быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС у жніўні 2020-га разам з журналістамі большасьці замежных СМІ.
Жанаты, мае дарослых сына і дачку. «Вельмі любіць сваіх дзяцей. Шмат чытае, асабліва па-нямецку, гэта ягонае захапленьне», — дадаў калега.