Пад вартай знаходзяцца 33 супрацоўнікі масмэдыя (без адміністрацыйных работнікаў — 22), у тым ліку парталу Tut.by, сайтаў Nn.by, By.tribuna.com, беларускай службы Радыё Свабода, тэлеканалу «Белсат».
Апошнія на гэты момант затрыманьні журналістаў адбыліся ў мінулую пятніцу, 16 ліпеня, — пад вартай апынуліся Алег Грузьдзіловіч, Алесь Дашчынскі, Інэса Студзінская, пазбаўленыя летась у кастрычніку акрэдытацыі МЗС журналісты беларускай службы Радыё Свабода, а таксама Ігар Ільяш і Ганна Галёта з тэлеканалу «Белсат».
За апошнія дні як мінімум дзьве рэгіянальныя рэдакцыі пераехалі за мяжу.
15 ліпеня аб ад’езьдзе паведаміла рэдакцыя барысаўскага недзяржаўнага інфармацыйнага парталу Ex-press.by (Менская вобласьць) — «дзеля бясьпекі і захаваньня праекту». Гэта адзін з найстарэйшых недзяржаўных інфармацыйных інтэрнэт-праектаў у Барысаве. Быў створаны калектывам закрытай уладамі ў 2005 годзе газэты «Курьер из Борисова». Значная частка матэрыялаў, якія разьмяшчаюцца на сайце, прысьвечаны падзеям у Барысаве і Жодзіне.
18 ліпеня стала вядома аб выезьдзе за мяжу часткі рэдакцыі сайту 6tv.by, які спэцыялізуецца на навінах Магілёўшчыны. Па інфармацыі мясцовых праваабаронцаў, рэдактар сайту Зьміцер Салаўёў пакінуў краіну праз пагрозу крымінальнага перасьледу.
Рэпрэсіі ў дачыненьні НДА і недзяржаўных СМІ ўзмацніліся 8 ліпеня. У той дзень, у прыватнасьці, былі затрыманыя і дагэтуль знаходзяцца пад вартай галоўны рэдактар сайту Nn.by («Наша ніва») Ягор Марціновіч, кіраўнік аддзелу маркетынгу і рэклямы «НН» Андрэй Скурко, галоўны рэдактар часопісу «Наша гісторыя» і двух дзіцячых часопісаў, якія выдаюцца «НН», Андрэй Дынько. Ім выставілі падазрэньне ў злачынстве паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Ператрусы ў іх прайшлі на падставе гэтага і 293-га (масавыя беспарадкі) артыкулаў. Усіх траіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі. Акрамя таго, затрымлівалі бухгальтарку «НН» Вольгу Раковіч, але 16 ліпеня яе адпусьцілі. 18 ліпеня рэдакцыя паведаміла, што Марціновічу і Скурко ня выставілі абвінавачаньня паводле 342-га артыкулу, аднак па заканчэньні 10 дзён ня вызвалілі, а затрымалі на 72 гадзіны паводле новага артыкулу (якога менавіта, невядома). Інфармацыі пра Дынько пакуль няма.
8 ліпеня намесьнік начальніка сьледчага ўпраўленьня КДБ Канстанцін Бычак у этэры тэлеканалу «Беларусь-1» заявіў, што ў краіне праходзіць апэрацыя па «зачыстцы ад радыкальна настроеных асобаў». Ён адзначыў, што ў ходзе апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў і сьледчых дзеяньняў удзельнікі дэананімізіраваныя, іх асобы ўстаноўленыя.
13 ліпеня Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным у Санкт-Пецярбургу заявіў, што ў Беларусі вядзецца актыўная праца ў адносінах да некамэрцыйных арганізацый і «так званых заходніх СМІ», «якія тут дэмакратыю нам дарылі, а фактычна насаджвалі, і не дэмакратыю, а вось гэты вось тэрор».
16 ліпеня начальнік галоўнага ўпраўленьня расьсьледаваньня злачынстваў у сфэры арганізаванай злачыннасьці і карупцыі Сьледчага камітэту Ўладзімер Шышко, камэнтуючы ператрусы і затрыманьні, заявіў аб атрыманьні «дакладнай інфармацыі аб датычнасьці кіраўнікоў і работнікаў шэрагу недзяржаўных арганізацый і абʼяднаньняў, а таксама прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, да ценявога руху значных фінансавых сродкаў, у першую чаргу тых, якія паступаюць з-за мяжы, нявыплаце падаткаў і фінансаваньня рознага роду пратэставай актыўнасьці насельніцтва Беларусі».