Напярэдадні супрацоўнікаў «Нашай нівы» не адпусьцілі па сканчэньні 10 дзён арышту, а затрымалі па новым артыкуле, ня выставіўшы абвінавачаньняў паводле папярэдняга. Сукамэрнікі, якія выйшлі на свабоду, апісваюць камэры як «стайню». Ягор Марціновіч змог перадаць пасланьне на волю.
«Мы спрабавалі выстаяць падчас цунамі, але ў нас не атрымалася. На жаль, прастора для дзейнасьці незалежных СМІ скарацілася да памеру камэры на Акрэсьціна ці Валадарцы. Ні я, ні, думаю, мае арыштаваныя калегі не шкадуем, што засталіся ў Беларусі і працавалі зь Беларусі да апошняга. Праца нацыянальнага брэнду павінна працягвацца хоць з намі, хоць бяз нас, таму што „Наша ніва“ — гэта не Марціновіч, Скурко, Дынько і Раковіч, а высокапрафэсійная журналісцкая каманда і сотні тысяч чытачоў».
Дапамагчы нашаніўцам, паводле галоўнага рэдактара, можна падпіскай на старонкі «Нашай нівы» ў сацыяльных сетках, у тым ліку тэлеграм-канал:
«Чытайце па-беларуску, рэпосьціце па-беларуску, размаўляйце па-беларуску! І калі такіх людзей будуць ня сотні тысяч, а мільёны, то ўсе мы вызвалімся нашмат раней. Люблю Беларусь!»
Ягора Марціновіча затрымалі 8 ліпеня, пры затрыманьні пабілі так, што ў Сьледчы камітэт прыяжджала хуткая дапамога, галоўны рэдактар атрымаў траўму галавы. Разам з Марціновічам затрымалі галоўнага рэдактара часопісу «Наша гісторыя» Андрэя Дынько, кіраўніка аддзелу рэклямы і маркетынгу Андрэя Скурко, галоўную бухгальтарку Вольгу Раковіч, якую 16 ліпеня вызвалілі.
Як паведамлялі ў СК, усе яны праходзяць падазраванымі па ч.1 арт. 342 КК (падрыхтоўка ці арганізацыя дзеяньняў, што груба парушылі грамадзкі парадак, або ўдзел у іх). 18 ліпеня Марціновіча, Скурко і Дынько затрымалі другі раз, ужо паводле новага артыкулу Крымінальнага кодэксу. На гэты раз — на трое сутак.