Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нельга ператварыць у попел і закапаць у зямлю тое, што зрабілі нашаніўцы». «Наша ніва» плянуе запусьціць новы сайт


Затрыманыя галоўны бухгальтар Вольга Раковіч, рэдактар часопісу «Наша гісторыя» і дзіцячых «Дуду» і «Асьцярожна: дзеці!» Андрэй Дынько, галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч і кіраўнік аддзелу рэклямы і маркетынгу газэты Андрэй Скурко
Затрыманыя галоўны бухгальтар Вольга Раковіч, рэдактар часопісу «Наша гісторыя» і дзіцячых «Дуду» і «Асьцярожна: дзеці!» Андрэй Дынько, галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч і кіраўнік аддзелу рэклямы і маркетынгу газэты Андрэй Скурко

Чацьвёра супрацоўнікаў найстарэйшага беларускага выданьня «Наша ніва» застаюцца на Акрэсьціна. Тым часам каманда «Нашай нівы» рыхтуецца запусьціць новы сайт пад старой назвай.

8 ліпеня Міністэрства інфармацыі заблякавала сайт «Нашай нівы» на падставе «апавяшчэньня Генэральнай пракуратуры ў сувязі з разьмяшчэньнем інфармацыі, пашырэньне якой забаронена пунктам 1 арт. 38 закону „Аб сродках масавай інфармацыі“». Доступ да «НН» абмежаваны ня толькі ў Беларусі, але і за мяжой.

У офісе прайшоў ператрус, рэдактара сайту Ягора Марціновіча, кіраўніка аддзелу рэклямы і маркетынгу Андрэя Скурко, рэдактара часопісу «Наша гісторыя» і дзіцячых «Дуду» і «Асьцярожна: дзеці!» Андрэя Дынько, а таксама галоўную бухгальтарку «Нашай нівы» Вольгу Раковіч затрымалі і зьмясьцілі на Акрэсьціна.

Праз трое сутак затрыманых не выпусьцілі. Яны застаюцца ў няволі. Як паведаміла жонка Андрэя Скурко Паўліна, хутчэй за ўсё, нашаніўцаў будуць трымаць мінімум 10 дзён — паводле апошніх зьменаў у артыкул 342 Крымінальнага кодэксу.

«Хоць і рыхтаваліся да горшага, але спадзяваліся, што да такога ня дойдзе»

Цяпер працягвае працаваць тэлеграм-канал «Нашай нівы», а каманда рыхтуецца як мага хутчэй аднавіць паўнавартасную працу сайту, расказала дырэктарка выданьня Настасься Роўда.

Дырэктар «Нашай Нівы» Настасься Роўда
Дырэктар «Нашай Нівы» Настасься Роўда

«Мы даўно рыхтаваліся да такога разьвіцьця падзей, бо ведалі, у якой краіне жывём. «Нашай ніве» ніколі не было лёгка працаваць у Беларусі, нам пастаянна чынілі перашкоды, і даволі сур’ёзныя. Але такога беспрэцэдэнтнага ціску не было ніколі. Мы хоць і рыхтаваліся да горшага, але спадзяваліся, што да такога ня дойдзе.

Тым ня менш справу, якую пачыналі Андрэй Дынько, Андрэй Скурко, а потым падхапіў Ягор Марціновіч, нельга пахаваць. І зараз задача ўсіх, хто на свабодзе — працягваць тое, што яны пачалі. Мы не зьбіраемся закрывацца, не зьбіраемся маўчаць, мы будзем адраджацца, хочам, каб у нас быў паўнавартасны сайт, мы ўжо працуем над яго аднаўленьнем.

Пакуль не магу сказаць, калі ён запрацуе, але магу запэўніць, што рэдакцыя будзе працаваць. Гэта адназначна. Справа адбудоўвалася дзесяцігодзьдзі, і нельга за пару дзён зруйнаваць, ператварыць у попел і закапаць у зямлю тое, што зрабілі нашаніўцы. Таму зробім усё, каб справа ня проста жыла, а разьвівалася. Будзем працаваць больш і лепш, здавацца не намераныя».

«Была прынцыповая пазыцыя — заставацца ў Беларусі да апошняга»

Настасься Роўда кажа, што ў супрацоўнікаў была прынцыповая пазыцыя — заставацца ў Беларусі «да апошняга».

«Таму, калі ў офіс і да кіраўніцтва прыйшлі зь ператрусамі, большасьць каманды знаходзілася ўнутры краіны. Мы працавалі абсалютна легальна, адкрыта, мы разумелі рызыкі. Але мы разумелі, што не парушаем закону, і наша пазыцыя была ў тым, каб быць побач са сваім народам столькі, колькі магчыма.

Цяпер я сумняваюся, што далейшая праца ўнутры Беларусі магчымая. Таму мы перастройваемся. У нас былі людзі за мяжой, дзякуючы гэтаму мы захавалі і кантралюем усе нашы сацыяльныя сеткі і рыхтуемся аднаўляцца ў новым фармаце».

„Брэнд „Наша ніва“ мы ніяк ня можам страціць“

Настасься Роўда кажа, што выданьне захавае старую назву.

„„Наша ніва“ — гэта той брэнд, які мы ня можам страціць, „Наша ніва“ павінна жыць і быць „Нашай нівай“ і далей. Каманда засталася, і я як дырэктар не адмоўлюся ад гэтага брэнду. Так што „Наша ніва“ застанецца“, а мы будзем чакаць выхаду на волю нашых калег, і што далей будзе з брэндам „Нашай нівы“, вырашаць будуць яны. Пакуль яны ў няволі і ня могуць прымаць рашэньні, мы ўсё пакінем, як было раней».

Дырэктарка «НН» перакананая, што ўдасца захаваць калектыў. Мяняць рэдакцыйны парадак дня каманда таксама не зьбіраецца. Рыхтуючыся да такога разьвіцьця падзей, нашаніўцы захавалі архівы выданьня.

«Што тычыцца прызнаньня Міністэрствам інфармацыі матэрыялаў экстрэмісцкімі, пакуль мы не атрымалі афіцыйных дакумэнтаў, — кажа Настасься Роўда. — Ня вельмі разумеем, чаму заблякаваны партал, у камэнтары няма ніякай канкрэтыкі, стандартныя агульныя фразы і артыкул, паводле якога можна блякаваць за што заўгодна. Таму чакаем канкрэтных прэтэнзій. Хутчэй за ўсё, гэта было зроблена, каб паралізаваць працу „Нашай нівы“ на тым этапе, калі затрымалі нашых рэдактараў.

Таму будзем дзейнічаць адпаведна сытуацыі, зьвяртацца да юрыстаў, раіцца з адвакатамі. Пакуль мы зусім не разумеем нашага юрыдычнага статусу ўнутры Беларусі як прадпрыемства; ня ведаем, што мы можам працягваць далей, чаго ня можам. Ня ведаем, ці можам выпускаць часопісы „Наша гісторыя“ і дзіцячыя часопісы „Дуду“, „Асьцярожна: дзеці!“, якія не былі сацыяльным кантэнтам „Нашай нівы“, а былі проста культурным здабыткам. Пакуль мы гэтыя пытаньні спрабуем высьветліць.

І адначасова працуем над аднаўленьнем сайту».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG