На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў Праскім акцэнце адказваюць палітычныя аналітыкі Ян Аўсеюшкін і Віталь Цыганкоў.
Аўсеюшкін
- Улады пакуль ня выбралі ўсе ліміты гвалту.
- Яшчэ падчас падзеяў лета і восені мінулага году было зразумела, што як толькі яны «патушаць пажар», яны зоймуцца тым, што, на іх погляд, стала прычынамі «пажару».
- І каб «выкарчаваць» тое, што яны лічаць прычынамі, яны будуць ціснуць, пакуль ня вырашаць, што поле дастаткова зачышчанае.
- Для ўладаў «зачыстка» ня вырашыць праблему, бо нікуды ня зьнікнуць праблемы, якія спрабавалі вырашыць гэтыя грамадзкія арганізацыі.
- Улады «зачысьцілі» тыя арганізацыі, якія працавалі ў легальным полі.
- У адказ на запыт грамадзтва на ўзаемадапамогу будуць зьяўляцца новыя арганізацыі.
- І яны будуць працаваць паводле партызанскіх, падпольных прынцыпаў.
- Для мяне быў жудасны прыклад, калі раструшчылі тых, хто займаўся перадачамі вязьням за краты.
- Гэтая ініцыятыва не была ж накіраваная супраць улады.
- Улады ня могуць спыніць інфармацыю, але могуць абмежаваць яе распаўсюд.
- Цяпер усе бачаць хвалю пагромаў сярод журналістаў і НДА. Але амаль ніхто ня ведае пра хвалю пагромаў актывістаў пратэставага руху, якія чынілі супраціў і якіх падазраюць у радыкальных дзеяньнях.
- Гэта дзясяткі выклікаў на допыты, дзясяткі затрыманьняў.
- Калі паглядзець на лічбы наведваньня палітычных сайтаў пасьля хвалі блякаваньняў, пасьля пагрому Tut.by, — яны зьнізіліся ў разы.
- Ідуць пэўныя працэсы дэпалітызацыі грамадзтва, звужаецца аўдыторыя інфармацыйнай пратэставай «бурбалкі», якая ў мінулым жніўні пашырылася на палову грамадзтва ці нават болей.
- Улады вельмі баяцца паўтарэньня леташняй хвалі самаарганізацыі, якія прывяла да стварэньня руху дваровых чатаў.
- Нягледзячы на ўвесь тэрор і выцісканьне актывістаў за мяжу, улады гэты рух ня здолелі прыдушыць цалкам.
- Ёсьць патэнцыял для перафарматаваньня гэтага руху.
- Людзі знойдуць новыя шляхі самаарганізацыі, бо немагчыма спыніць жыцьцё.
- Усе намаганьні палітычнага пратэставага руху і санкцыі вядуць да ўвядзеньня сыстэмы ў стан крызісу, у стан кіраўнічага паралюшу.
- Калі гэта наступіць, то за перамовы могуць ухапіцца.
- Гэта можа заняць цэлае чалавечае жыцьцё, але мы бачым паступовы надыход гэтага крызісу.
- Мы не СССР зь яго велізарнымі рэсурсамі. Нават той падтрымкі, якую аказвае Крэмль, ня хопіць надоўга.
Цыганкоў
- Мукавозчык адчувае, куды вецер дзьме.
- Не яго парады, каго рэпрэсаваць, будуць выкананыя, а ён спрабуе адгадаць тэндэнцыю.
- Няма стрымальных чыньнікаў, якія былі раней, калі МЗС спыняў рэпрэсіі сілавікоў.
- Цяпер унутры ўлады няма ніводнай структуры, якая б стрымлівала ГУБАЗіК.
- Таго, што цяпер адбываецца, не было ў СССР у 70-х-80-х гадах, толькі ў 1930-х.
- І лексыка што Мукавозчыка, што тэлеграм-каналу ГУБАЗіК — такая ж, як у 30-я гады.
- Цяпер Макей кажа тое ж, што і ГУБАЗіК. Але я думаю, што ён не ўтрымаецца ў гэтай сыстэме.
- Тым, каго яны выпускаюць, намякаюць, каб яны зьяжджалі з краіны.
- Яны ня могуць перасаджаць усіх хаця б з тае прычыны, што месцаў не хапае.
- Як можа быць падпольная абарона правоў чалавека?
- Улады могуць наносіць удары па людзях, але яны ня могуць спыніць інфармацыйныя плыні.
- Сёньня ўсе маюць інфармацыю пра кожны ператрус, пра кожны допыт.
- Дзікая гісторыя, як чалавека пакаралі соднямі адміністрацыйнага арышту за здымкі аварыі дзіцячага атракцыёну.
- У іншай краіне каралі б адказных за аварыю, а тут — таго, хто сфатаграфаваў аварыю.
- Зьніжэньне наведнасьці палітычных сайтаў зьвязанае ня толькі з рэпрэсіямі супраць гэтых сайтаў, але і з агульным настроем грамадзтва.
- Некаторыя людзі, асабліва з тых, хто прыйшоў у палітыку толькі летась, кажуць сабе — мы прайгралі, і я больш не хачу на гэта глядзець.
- Увесну на плятформе «Голасу» былі сабраныя сотні тысячаў галасоў у падтрымку перамоваў з уладамі.
- Мне здаецца, што ідэя перамоваў, дыялёгу памрэ сваёй сьмерцю, бо ўлада ні на якія перамовы не ідзе.
- Магчыма, штаб Ціханоўскай абвесьціць, што ён ужо дамагаецца не перамоваў, а нечага іншага.
Што было раней
- 16 ліпеня праходзяць ператрусы ў офісе і кватэрах журналістаў Радыё Свабода, тэлеканалу «Белсат» і іншых СМІ.
- Сілавікі прыбылі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку.
- Паводле наяўных зьвестак, сілавікі прыйшлі ў кватэру журналіста Радыё Свабода Валянціна Жданко. У яго дома адбыўся ператрус.
- Затрымалі былую журналістку Свабоды Іну Студзінскую, у якой у кастрычніку 2020 году забралі акрэдытацыю для працы ў Беларусі. У яе дома правялі ператрус.
- Жонка журналіста Алега Грузьдзіловіча, у якога летась таксама забралі акрэдытацыю для працы ў Беларусі, паведаміла пра затрыманьне мужа.
- Пра ператрус у журналісткі Любові Лунёвай, паведаміў тэлеграм-канал «Белсату».
- Ён жа паведаміў, што на кватэры прапіскі журналісткі Марыі Арцыбашавай выламалі дзьверы, яе ў гэты момант у кватэры не было.
- Затрымалі журналіста з Івацэвічаў Сяргея Скулаўца. Раніцай да яго дамоў прыехаў мікрааўтобус. Шмат гадзінаў сувязі зь ім не было, пісаў тэлеграм-канал «Белсату». Пад вечар Скулавец напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што ён ужо на волі.
- Сілавікі прыйшлі і па Галіну Абакунчык, якая супрацоўнічала зь «Белсатам». Па артыкуле 293 КК затрымалі вядоўцу праграмы «Лукавыя навіны» на тэлеканале «Белсат» Ганну Галёту.