Кантроль пэрымэтру — практычна пытаньне выжываньня для баевікоў. Чаму гэта нават важней, чым кантроль над сталіцай, расказвае «Настоящее время».
Кантроль межаў для талібаў — адна з ключавых крыніц даходу. Гэта і наркатрафік, і мыта, якое спаганяецца з гандляроў. Займацца гэтым баевікі могуць пад бокам далёка ня ў кожнага суседа.
Аўганістан мяжуе з шасьцю дзяржавамі. Заходняя мяжа з Іранам вельмі доўгая — амаль тысяча кілямэтраў, — але з прычыны асаблівасьцяў рэльефу ня надта пасуе для наркатрафіку. Яе даволі лёгка кантраляваць. Як і аўганска-кітайская мяжа, яна цалкам праходзіць высока ў гарах, таму абедзьве яны нязручныя для экспарту наркотыкаў.
Застаюцца ўсяго два сухапутныя шляхі з краіны: па аўтамабільных дарогах на поўдзень — у Пакістан і на поўнач — праз Таджыкістан, Туркмэністан і Ўзбэкістан. Асноўныя намаганьні талібы засяродзілі на поўначы краіны.
Таджыкістан
Мяжа Аўганістану і Таджыкістану — самая працяглая ў параўнаньні зь іншымі дзяржавамі Сярэдняй Азіі. Амаль 1400 кілямэтраў. Большая частка яе праходзіць у вельмі цяжкапраходнай мясцовасьці. Там няма пазначанай нэўтральнай паласы ў клясычным разуменьні. Агароджы ставяць толькі побач з памежнымі пераходамі.
Вэтэран вайны ў Аўганістане Валерый Аблазаў расказвае:
«Мяжа як была адносна празрыстая, так і застаецца. Гэта вельмі складаныя ўмовы: на поўначы — памежныя рэкі бліжэй да заходняй мяжы, і горы, практычна непраходныя для непадрыхтаваных людзей, — на паўночным усходзе краіны».
Падчас службы ў Аўганістане Валеры Аблазаў вёў дзёньнік. Ён згадвае, што, нават нягледзячы на паветранае забесьпячэньне, ахоўваць мяжу было вельмі складана. Падрыхтаваныя байцы даволі хутка вымотваліся і не маглі выконваць свае абавязкі ў поўную сілу.
«Я выдатна ведаю па сабе і нашых заставах: чалавек стамляецца за два тыдні — месяц. І ён ужо ня ў сілах вытрымліваць такую ізаляцыю пад пастаянным напружаньнем ва ўмовах пазбаўленьня вады, ежы і гэтак далей», — тлумачыць Валеры.
Генэрал-лейтэнант Сяргей Чэрванапіскі падчас службы быў камандзірам верталётнай групы, якая аглядала караваны. Ён пабываў фактычна на ўсіх межах. Вось што Чэрванапіскі думае пра магчымасьць кантраляваць паўночную частку пэрымэтра Аўганістану:
«Рэальна яшчэ было, калі быў Савецкі Саюз зь яго велічэзнай сілай. Сёньня я ня ўпэўнены, што хопіць сіл кантраляваць мяжу».
Туркмэністан
Туркмэністан за ўсе гады існаваньня руху «Талібан» — а гэта амаль чвэрць стагодзьдзя — дэманстраваў найбольшую ляяльнасьць да баевікоў у параўнаньні з суседзямі.
Дачыненьні самай закрытай дзяржавы Сярэдняй Азіі і талібаў пачаліся яшчэ да прэзыдэнцтва Гурбангулы Бэрдымухамэдава.
Туркмэнскі праваабаронца Фарыд Тухбатулін лічыць, што гэта было ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. «Яшчэ падчас прэзыдэнцтва Ніязава там існавала наркатычная сьцежка, вельмі вялікую колькасьць наркотыкаў перавозілі праз Туркмэністан па Касьпіі і далей. Я думаю, і цяпер такая цікавасьць у іх ёсьць, грошы ім патрэбныя», — кажа праваабаронца.
Калі Гурбангулы Бэрдымухамэдаў зьмяніў Сапармурата Ніязава на пасадзе прэзыдэнта, афіцыйная пазыцыя стала больш жорсткаю. За апошнія два гады ўлады Туркмэністану некалькі разоў умацоўвалі мяжу з Аўганістанам сіламі рэзэрвістаў або сьцягвалі да яе вайсковую тэхніку.
Праўда, апошнім разам гэтыя манэўры афіцыйны Туркмэністан адмаўляў. Магчыма, таму, што толькі з пачатку гэтага году ўжо двойчы прымаў афіцыйныя дэлегацыі талібаў. Ня выключана, што мэтай сустрэч было ўрэгуляваньне сытуацыі на мяжы.
«У Аўганістане і „Талібане“ шмат выхадцаў з Туркмэністану, якія прайшлі сырыйскую вайну і ў Аўганістане ваявалі. І яны баяцца, што гэтыя людзі вернуцца і ва ўладаў зьявяцца праблемы ўнутры на рэлігійным фронце», — тлумачыць Фарыд Тухбатулін.
Узбэкістан
Усе 137 кілямэтраў мяжы Ўзбэкістану і Аўганістану праходзяць па рацэ Амудар’і. Гэта даволі добра ўмацаваныя 137 кілямэтраў, але ўсё ж гэта штучныя бар’еры. Непраходных горных перавалаў, як, напрыклад, у суседнім Таджыкістане, тут няма. За апошні месяц уцекачы некалькі разоў даказвалі, што перасекчы мяжу рэальна.
«Першы раз іх колькасьць склала ўсяго 53 чалавекі. Потым больш. І таму афіцыйны Ўзбэкістан быў вымушаны перасунуць войскі да сваіх межаў», — расказвае карэспандэнт газэты «Овози тожик» Мірасрор Ахрораў.
Ключавым аб’ектам для талібаў на ўзбэцкай мяжы, хутчэй за ўсё, стане кірунак на горад Тэрмэз. Там праз узбэцкую мяжу праходзіць чыгунка, якая злучае Аўганістан і Эўропу. Гэта вельмі важная транспартная артэрыя. І менавіта чыгуначны транспарт — адзін з самых зручных варыянтаў дастаўкі кантрабандных грузаў. Звычайна агледзець усе вагоны практычна немагчыма. А калі ёсьць карумпаваныя чыноўнікі, то і ня трэба.
Паўночная мяжа Аўганістану
Верагоднасьць таго, што Туркмэністан, Узбэкістан ці Таджыкістан змогуць цалкам узяць пад кантроль мяжу з Аўганістанам, вельмі малая. Прынамсі, без дапамогі трэціх сіл. Але гэтую задачу дакладна паставіў сабе «Талібан». Калі не для кантрабанды — усё-ткі ва ўмовах складанага рэльефу цяжка экспартаваць вялікія партыі наркотыкаў, — то для ўзмацненьня ціску на Кабул.
У чым згодныя большасьць суразмоўцаў, дык гэта ў тым, што талібы пакуль ня будуць спрабаваць пераходзіць паўночныя межы Аўганістану. Спачатку ім трэба ўмацаваць сваю ўладу ўнутры краіны. Але ня факт, што ўнутраная палітыка надоўга застанецца прыярытэтам баевікоў.