«Мы з Таджыкістанам саюзьнікі. (...) І калі будзе напад на Таджыкістан, вядома, гэта будзе неадкладным прадметам для разгляду ў АДКБ», — сказаў Сяргей Лаўроў. Ён нагадаў, што прадстаўнікі сакратарыяту АДКБ наведалі таджыцка-аўганскую мяжу і сытуацыя разглядалася на пасяджэньні пастаяннай рады.
«Дзесьці я чытаў або ў тэлевізары чуў, ці будзем мы ўводзіць войскі ў Аўганістан: я лічу, што адказ відавочны», — падсумаваў Лаўроў.
«Палітычная адказнасьць Масквы»
«МЗС РФ апошнія гады дэманстратыўна падтрымліваў „Талібан“, яго палітычных лідэраў, нягледзячы на прызнаньне арганізацыі тэрарыстычнай, — нагадвае расейскі экспэрт па Цэнтральнай Азіі Аркадзь Дубноў. — Іх прымалі ў Расеі, зь імі былі досыць шчыльныя кансультацыі.
І вось зараз пачынаецца эра палітычнай адказнасьці Масквы за, так бы мовіць, палітычнае спонсарства „Талібану“. Вы іх падтрымлівалі, вы сьцьвярджалі, што яны маюць права і ўяўляюць значную сілу — вось зараз неяк вам трэба спрабаваць апярэдзіць нэгатыўнае разьвіцьцё падзеяў і ня даць магчымасьці „Талібану“ пладзіць новае сярэднявечча ў Аўганістане».
Такое ўпершыню
Каля 1500 вайскоўцаў Аўганістану пад націскам талібаў адступілі на тэрыторыю Таджыкістану за апошнія два тыдні. За гады незалежнасьці Таджыкістану такое абвастрэньне сытуацыі на поўначы Аўганістану і яе непасрэдны ўплыў на Таджыкістан назіраецца ўпершыню. У Душанбэ асьцерагаюцца застацца сам-насам з джыхадысцкай пагрозай.
«Абгрунтаваная мабілізацыя»
Амар Нэсар, дырэктар Цэнтру вывучэньня сучаснага Аўганістану, лічыць заклапочанасьць уладаў у Душанбэ абгрунтаванай. «Справа ў тым, што талібы самі па сабе не нясуць непасрэднай небясьпекі краінам Цэнтральнай Азіі, але, як вядома, яны захоўваюць саюзьніцкія адносіны з усімі радыкальнымі групоўкамі на тэрыторыі Аўганістану, падкантрольных „Талібану“. Таму нельга выключаць у будучыні, што гэтыя групоўкі могуць скарыстацца таджыцкай мяжой для пранікненьня ў рэгіён Цэнтральнай Азіі», — мяркуе Нэсар.
У сувязі з абвастрэньнем сытуацыі на таджыцка-аўганскай мяжы прэзыдэнт Таджыкістану Эмамалі Рахмон правёў экстраную нараду Савету бясьпекі, дзе прынялі рашэньне мабілізаваць 20 тысяч вайскоўцаў рэзэрву для абароны мяжы з Аўганістанам.
Пазыцыі бакоў
Раней кіраўнік Таджыкістану пагаварыў па тэлефоне з прэзыдэнтамі Ўзбэкістану Шаўкатам Мірзіяевым, Казахстану Касымам Жаамартам Такаевым і Расеі Ўладзімірам Пуціным. Паводле афіцыйнага паведамленьня, Уладзімір Пуцін падкрэсьліў гатоўнасьць аказаць Таджыкістану неабходную падтрымку, як у двухбаковым пляне, так і ў рамках АДКБ.
Сярод краін, якія мяжуюць з Аўганістанам, Таджыкістан зьяўляецца адзіным членам АДКБ, які мае права на абарону гэтай вайскова-палітычнай арганізацыі.
- Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) — вайскова-палітычны саюз, створаны дзяржавамі СНД на аснове Дамовы аб калектыўнай бясьпецы, падпісанага 15 траўня 1992 году. Краіны-удзельніцы: Расея, Беларусь, Армэнія, Казахстан, Кіргізстан, Таджыкістан, Узбэкістан.
«Непасрэднай пагрозы няма»
Расейскі экспэрт па Аўганістане Андрэй Сярэнка не выключае актывізацыю Расеі ў пытаньні абароны таджыцка-аўганскай мяжы, але называе гэта «рэклямнай акцыяй». «Абарона, верагодна, будзе зьвязаная больш з неабходнасьцю прадэманстраваць гатоўнасьць абараняць сваіх саюзьнікаў. Але ня думаю, што прыйдзецца ўступаць у рэальныя баі, гэта малаверагодная пэрспэктыва, прынамсі, на сёньняшні дзень», — адзначае экспэрт.
Паводле яго, канфлікт ня выйдзе за межы Аўганістану, а ўрадавыя сілы гэтай краіны ў стане дасягнуць посьпеху, калі не ў кантролі, то ў парытэце сіл.
Аб гарантыі бясьпекі межаў Таджыкістану ў інтэрвію РІА Новости сказаў і прадстаўнік руху «Талібан» Забіўла Муджахед. Ён назваў Таджыкістан сяброўскай краінай і запэўніў, што з боку руху ніякага ўмяшаньня не адбудзецца.
Чаго чакаць далей?
Незалежны палітоляг з Таджыкістану Парвіз Муладжанаў адзначае ў інтэрвію таджыцкай службе Радыё Свабода, што заклапочанасьць суседніх краін выклікае тое, што большасьць сярод груп, якія кантралююць у Аўганістане памежныя раёны — ня проста «Талібан», а прадстаўнікі міжнародных тэрарыстычных груп, якія былі перакінутыя на поўнач зь мяжы з Пакістанам у 2014-2015 гг.
«Актыўнасьць саюзьнікаў Таджыкістану будзе залежаць ад разьвіцьця сытуацыі ў Аўганістане. Зараз асноўная мэта „Талібану“ не дапусьціць падтрымку антыталібскай апазыцыі з поўначы, таму яны спрабуюць блякаваць межы з краінамі Цэнтральнай Азіі», — адзначае Маладжанаў.
«Гаворка ідзе аб гуманітарнай небясьпецы. Найгоршы сцэнар выглядае як гуманітарная катастрофа, паток бежанцаў з Аўганістану. Так я бачу асноўную небясьпеку. Расея, напэўна, павінна будзе прыняць сур’ёзныя меры па папярэджаньні гэтай небясьпекі або аказаць дапамогу», — кажа расейскі экспэрт па Цэнтральнай Азіі Аркадзь Дубноў.
- Працягласьць таджыцка-аўганскай мяжы — больш за 1400 кілямэтраў. Паводле ўладаў Таджыкістану, памежнікі і вайскоўцы Мінабароны, якія нясуць службу на другой лініі аховы мяжы, пераведзеныя на асаблівы рэжым нясеньня службы.
- ЗША і іх саюзьнікі павінны вывесьці свае войскі з Аўганістану да 11 верасьня. Вывад войскаў праходзіць на тле актывізацыі ў Аўганістане руху «Талібан». З траўня талібы праводзяць маштабную наступальную апэрацыю і адціскаюць урадавыя сілы. Паведамляецца, што цяпер талібы кантралююць 110 з 370 раёнаў краіны.
- Пасьля распаду СССР таджыцка-аўганскую мяжу ахоўвалі расейскія памежнікі. У 2005 годзе ахова мяжы цалкам перайшла ў падпарадкаваньне Таджыкістану. У Таджыкістане дзейнічае 201-ая расейская вайсковая база. Гэта найбольш буйны вайсковы абʼект Расеі за яе межамі.
- 4 лютага 2009 года ў Маскве лідэры краін АДКБ, сярод якіх і Беларусь, ухвалілі стварэньне Калектыўных сіл апэратыўнага рэагаваньня. Яны могуць выкарыстоўвацца для адбіцьця ваеннай агрэсіі, правядзеньня спэцыяльных апэрацый па барацьбе з міжнародным тэрарызмам і экстрэмізмам, транснацыянальнай арганізаванай злачыннасьцю, наркатрафікам, а таксама для ліквідацыі наступстваў надзвычайных сытуацый.