«Я абвяшчаю 16 ліпеня Днём салідарнасьці зь беларускімі жанчынамі. Я заклікаю беларусаў і сяброў Беларусі выказаць салідарнасьць з адважнымі беларускімі жанчынамі, якія сталі ня толькі сымбалем, але і рухавіком беларускай рэвалюцыі», — цытуе сайт Ціханоўскай яе заяву.
Сьвятлана Ціханоўская нагадала, што год таму, 16 ліпеня, разам з Марыяй Калесьнікавай і Веранікай Цапкалай ухвалілі рашэньне аб’яднаць штабы трох прэзыдэнцкіх кампаній і разам выступалі за перамены, дэмакратычную будучыню і свабоду — як і мільёны беларусак.
16 ліпеня а 19.00 на Лукіскім пляцы ў Вільні Офіс Святланы Ціханоўскай праводзіць Дзень салідарнасьці з беларускімі жанчынамі. Туды прыйдуць беларусы, якія знаходзяцца ў Вільні, яны будуць са сьцягамі і парасонамі колераў нацыянальнага беларускага сьцяга, успомняць, што было год таму, пачытаюць лісты жанчын-палітвязняў, паведамляе прэсавая служба Сьвятланы Ціханоўскай.
Ціханоўская заклікала ўсіх беларусаў выйсьці на пікеты салідарнасьці з партрэтамі беларускіх палітвязьняў, а таксама пісаць ім лісты, дапамагаць іхным сваякам і запісваць відэа са словамі падтрымкі.
Адна з першых акцый прайшла ў Сеніцы пад Менскам.
Марыя Калесьнікава зь СІЗА ўспомніла момант аб’яднаньня штабоў і тое, да чаго гэта прывяло. Яна адзначыла, што ганарыцца, што нарадзілася беларускай.