Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жанчыны прапануюць альтэрнатыўную цывілізацыю». 10 думак Сьвятланы Алексіевіч на сустрэчы з Вольгай Такарчук


Ва Ўроцлаве ў Польшчы прайшла публічная размова ляўрэатак Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Сьвятланы Алексіевіч і Вольгі Такарчук, у якой пісьменьніцы адказвалі на пытаньні мадэратарак Манікі Алейнік і Магдалены Сьроды, а таксама на пытаньні, прысланыя праз інтэрнэт загадзя, і ад слухачоў у залі.

Тэмы, якія закраналіся падчас гэтай сустрэчы, датычылі, сярод іншага, уплыву пандэміі на людзей, беларускай рэвалюцыі, ролі жанчыны ў палітычным жыцьці, крызісу патрыярхальнай мадэлі палітычнага жыцьця, падзелу літаратуры на «мужчынскую» і «жаночую».

Прапануем вашай увазе некаторыя з выказваньняў Сьвятланы Алексіевіч на гэтай сустрэчы.

Пра каранавірусную пандэмію

«Мы ўсе мусім стварыць новае адчуваньне саміх сябе ў гэтым сьвеце. Мы ўжо дакладна ня самыя вялікія ў ім. Нейкая зусім малюсенькая кузурачка, малюсенькі мікроб здольны зрабіць тое, чаго ня можа зрабіць ніводная армія».

Пра беларускую рэвалюцыю і жанчын у ёй

«Справа ня ў колькасьці жанчын, што іх было вельмі шмат і што ў крытычныя моманты яны прыходзілі своечасова і з тымі ідэямі, якія патрэбны. Калі б у нашай рэвалюцыі кіравалі мужчыны, то гэта была б кроў. Пачаўся б супраціў у старых клясычных формах: камень — зброя пралетарыяту. Гэта тое, чаго мы ў Кааліцыйнай радзе баяліся больш за ўсё».

«Мы хацелі сказаць, што можам без крыві, што ў ХХІ стагодзьдзі могуць быць іншыя формы супраціву. Таму нашы жанчыны выходзілі на вуліцу ў белым і з кветкамі. Я да гэтага часу помню велізарную колькасьць вайсковай тэхнікі на нашай вуліцы і ўяўляю сабе, што калі б не жанчыны, якія выйшлі з кветкамі, то горад быў бы заліты крывёй».

«Я цяпер пішу кнігу пра нашу рэвалюцыю і абдумваю многія рэчы, таму што я не зьбіраюся ствараць калекцыю жахаў. Мне здаецца, што галоўнае, што сёньня нашы жанчыны прынесьлі ў гэты супраціў, у якім мы ўвесь час апынаемся — гэта тое, што чалавечае жыцьцё ня можа быць меркай рэчаў».

«Тое, што адбываецца сёньня — рэвалюцыя ў нас — гэта ўласна таксама вайна. Таксама ўсё адбываецца, можна сказаць, у ваенных катэгорыях. Нейкая арганізацыя, я б яе так назвала, захапіла ўладу ў краіне, прыніжае ўласны народ, зьдзекуецца з уласнага народу, пазбаўляе яго будучыні і лічыць, што мае нейкую мэсіянскую мэту, што яны нешта ахоўваюць. Што яны ахоўваюць, акрамя адмерлых камуністычных ідэй?»

Пра чалавечую прыроду

«Гэта занадта плоскі сьвет, калі ў ім толькі героі і здраднікі. Чалавек —— гэта такая складаная істота, што ў ім вельмі многа ўсяго. Па-першае, ён андрагінны, як правіла, калі ён глыбока пакапаецца ў сабе; па-другое, ён і герой, і здраднік; па-трэцяе, ён хоча быць у поўным адзіноцтве. Вось пра такія рэчы цікава разважаць. А мы разважаем у катэгорыях яшчэ тых часоў, калі чалавек быў у шкуры і бегаў з палкай».

«Чалавек такая жывёлінка, якая вельмі дрэнна вучыцца, скажам так. Нельга думаць, што літаратура і мастацтва дасягнулі вельмі вялікага посьпеху, каб зрабіць чалавека лепшым. Але калі б гэтага не было, то чалавек быў бы яшчэ страшнейшым».

Пра альтэрнатыўнае жаночае сьветабачаньне

«Жанчыны прапануюць альтэрнатыўную цывілізацыю, іншы сьвет. Таму я па дробачцы зьбіраю жаночыя веды, і жанчыны — мае любімыя героі».

«Жанчыны сёньня хочуць выгаварыцца. Мы жывём у мужчынскім сьвеце. Мужчыны ўсё ад сябе сказалі, ва ўсякім выпадку вельмі шмат, больш, чым мы хацелі б ад іх пачуць. А жанчына ня выгаварылася. Нам трэба даведацца, што гэта за сьвет».

Пра панаваньне літаратуры мужчын

Мужчынская літаратура пануе. Адзіны раз я адчула, што гаворыць жанчына, жанчына як я, было, калі я чытала Цьвятаеву, яе дзёньнікі, яе прозу. Вось гэта сапраўды жаночы сьвет. Але яго вельмі мала. Ён яшчэ вельмі мала выявіўся».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG