Рэдакцыя гомельскага сайту «Сильные новости» раніцай паведаміла пра зьнікненьне доступу да сайту. Старонка ў інтэрнэце перастала адкрывацца як зь Беларусі, так і за мяжой.
Па стане на 12.30 момант журналісты спрабуюць аднавіць працу сайту; аб прычынах зьнікненьня доступу ім нічога не вядома.
Зьнік таксама доступ да сайту Onliner. У тэлеграме выданьня напісалі: «У нас зноў DDoS-атака. Таму сайт можа тупіць і ня адчыняцца, што многія ўжо паспелі заўважыць. Проста цяпер наша тэхнічная каманда ўсё рамантуе, хутка вернемся ў строй».
Рэдакцыя «СН» — адна з найбольш перасьледаваных у Беларусі. 9 ліпеня прайшлі ператрусы і канфіскацыя кампутараў і тэлефонаў у яе супрацоўнікаў. Стваральнік парталу Пятро Кузьняцоў сказаў, што агулам было 15 пастаноў на ператрус — на дзесяць супрацоўнікаў.
Сьледчыя дзеяньні праходзілі ў работнікаў парталу як па месцы рэгістрацыі, так і жыхарства, а таксама на лецішчах і ў аўтамабілях, а падставай для ператрусаў стала крымінальная справа аб «масавых беспарадках», распачатая ў верасьні 2020 году ў дачыненьні да жыхароў Гомлю, сужэнцаў Сьняжковых. Сьледзтва выказала здагадку, што на носьбітах інфармацыі журналістаў можа быць інфармацыя, карысная для расьсьледаваньня.
Ператрусы прайшлі па адрасах пражываньня і рэгістрацыі Пятра Кузняцова, галоўнай рэдактаркі Ганны Якштас і яе мужа Дзяніса Якштаса, які таксама працуе ў «СН», у супрацоўнікаў парталу Юрыя Глушакова, Натальлі Суславай, Ірыны Вольскай, Паўла Кузьняцова, Яўгеніі Крашчук, Аляксея Атрошчанкі, Кацярыны Тэліман, бухгальтаркі Ганны Стрэльчанкі. Усе засталіся на волі, але ва ўсіх канфіскавалі тэхніку, у бухгальтаркі таксама забралі нататнікі і пячаткі.