Кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага затрымалі ў рамках крымінальнай справы. Ёю займаецца цэнтральны апарат Сьледчага камітэту, паведаміў тэлеграм-канал «Вясны».
Сувязь зь Бяляцкім зьнікла з раніцы 14 ліпеня.
Алесю Бяляцкаму 58 гадоў. У 2011–2014 гадах ён быў палітзьняволеным.
Ператрусы ў праваабаронцаў «Вясны»
Ператрусы ў праваабаронцаў адбываюцца ў рамках распачатай крымінальнай справы №21128310008 паводле ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў).
Пасьля ператрусаў затрыманыя сябры ПЦ «Вясна»:
- сябра Рады арганізацыі, віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч,
- Уладзімер Лабковіч і ягоная жонка Ніна Лабковіч (абое ў рамках крымінальнай справы),
- Сяргей Сыс,
- Віктар Сазонаў,
- Алег Мацкевіч,
- Алена Лапцёнак,
- Ігар Казьмерчак,
- каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня» Андрэй Палуда,
- а таксама праваабаронца Яўгенія Бабаева.
Апрача праваабаронцаў, затрымалі:
- старшыню суполкі Беларускага свабоднага прафсаюзу Міколу Шараха з Полацку,
- жыхара Менску Аляксандра Харытона.
14 ліпеня адбыліся ператрусы мінімум у 19 арганізацыях:
- Праваабарончы цэнтар «Вясна»;
- Праваабарончая арганізацыя Lawtrend;
- Беларускі Хэльсынскі камітэт;
- Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»;
- Дабрачынны праект «Имена»;
- Праваабарончая пляцоўка «Тэрыторыя правоў»;
- Праваабарончая арганізацыя «Гендэрныя пэрспэктывы»;
- Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ);
- Саюз беларускіх пісьменьнікаў;
- Партыя БНФ;
- Рух «За свабоду»;
- Цэнтар эканамічных дасьледаваньняў BEROC;
- Офіс эўрапейскай экспэртызы і камунікацый;
- ГА «Цэнтар „Трэці сэктар“» з Горадні;
- Цэнтар інфармацыйна-прававой падтрымкі сацыяльна неабароненых груп насельніцтва «Адвакацыя»;
- Грамадзкае аб’яднаньне «Фонд імя Льва Сапегі»;
- Адукацыйны цэнтар «ПОСТ»;
- Менскі офіс сацыялягічнай лябараторыі Novak;
- Аб'яднаная грамадзянская партыя.
Ранейшы перасьлед «Вясны»
У сакавіку 2021 году па факце працы Праваабарончага цэнтру «Вясна» была заведзеная крымінальная справа. У праваабарончым цэнтры заявілі, што крымінальную справу пачалі паводле арт. 342 КК (арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
Паводле афіцыйных камэнтароў Сьледчага камітэту, «Вясна» нібыта аказвала фінансаваньне і іншую матэрыяльную падтрымку «незаконным масавым мерапрыемствам», якія «груба парушаюць грамадзкі парадак».
Раней пасьля аналягічных абвінавачаньняў арыштавалі праваабаронцаў і валянтэраў «Вясны» Марыю Рабкову, Андрэя Чапюка, Леаніда Судаленку і Тацяну Ласіцу, усіх іх прызналі палітвязьнямі.