Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хакерская група, западозраная ў сувязі з Крамлём, зьнікла з даркнэту пасьля размовы Байдэна з Пуціным


Сайты, зьвязаныя з хакерскай групай REvil, зьніклі з даркнэту. Вашынгтон падазраваў групоўку ў сувязях з Крамлём, яна адказная за атакі на тысячы кампаніяў у краінах Захаду

Яе праца магла абмяркоўвацца падчас гутарак прэзыдэнтаў ЗША Джо Байдэна і Ўладзіміра Пуціна. Белы дом папярэдзіў пра адказ на напады ня толькі хакерам, але і краіне, якая іх хавае.

На спыненьне працы сайтаў REvil зьвярнуў увагу аўтар блогу пра кампутарную бясьпеку BleepingComputer Лорэнс Абрамс. Адначасова з закрыцьцём сайтаў перасталі адказваць на паведамленьні кантактныя асобы групоўкі. Іх прадстаўнік заблякаваны на папулярным расейскім форуме. Паводле непацьверджанай інфармацыі, дадзеныя хакераў з аднаго з сэрвэраў былі зьнішчаныя на патрабаваньне ўладаў неназванай краіны.

REvil вядомая як адна з найбуйнейшых хакерскіх груповак у сьвеце. Яна займалася пераважна камэрцыйнымі нападамі — патрабавала з кампаніяў выкуп за адмову ад зьнішчэньня іх інфармацыі. У 2021 годзе з групоўкай зьвязвалі атакі на дзясяткі тысяч кампаніяў, у тым ліку на нафтаправод Colonial Pipeline у ЗША і на найбуйнейшага ў сьвеце вытворцу мяса, бразыльскую кампанію JBS.

Пасьля масавых нападаў расейскіх хакераў тэма ўзьнімалася прэзыдэнтам ЗША Байдэнам у размове з Пуціным на саміце ў Жэнэве. У ліпені прэзыдэнты зноў абмеркавалі яе ў тэлефоннай размове.

«Я гранічна ясна растлумачыў яму: атака ідзе зь ягонай тэрыторыі, нават калі яна не арганізаваная ўладамі, мы чакаем, што яны будуць дзейнічаць, калі мы дадзім ім дастаткова інфармацыі», — сказаў Байдэн, адказваючы на пытаньні журналістаў.

За дзень да гэтага ён праводзіў нараду пра хакераў з прадстаўнікамі Дзярждэпартамэнту, Міністэрства ўнутранай бясьпекі ЗША і Міністэрства юстыцыі. Па выніках сустрэчы ягоная прэсавая сакратарка Джэн Сакі заявіла, што ў Вашынгтону ёсьць права адказаць ня толькі кібэрзлачынцам, але і краіне, якая іх хавае.

Масква традыцыйна адмаўляе любыя абвінавачаньні ў сувязях з хакерскімі групоўкамі. 12 ліпеня прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў заявіў, што паміж Расеяй і ЗША пачаў працаваць «мэханізм кансультацыяў па кібэрбясьпецы».

Зьнікненьне групоўкі REvil Крэмль і Белы дом пакуль не камэнтавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG