Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Bloomberg: расейскія хакеры ўзламалі кампутары Рэспубліканскай партыі ЗША. Байдэн вырашыў правесьці нараду


Хакерская групоўка Cozy Bear, якую ў ЗША зьвязваюць з расейскай Службай замежнай выведкі, узламала кампутарныя сыстэмы Нацыянальнага камітэту Рэспубліканскай партыі ЗША.

Пра гэта піша Bloomberg са спасылкай на свае крыніцы. Паводле інфармацыі выданьня, атака адбылася на мінулым тыдні. Яна нібыта была праведзеная праз сэрвісы IT-правайдэра Synnex. Якія зьвесткі маглі атрымаць у распараджэньне або скрасьці хакеры, невядома.

Амбасада Расеі ў ЗША назвала публікацыю Bloomberg «выдумкамі» і адпрэчыла абвінавачаньні. Дыпляматы заявілі, што «ніякіх доказаў таго, што атака мела месца, няма».

Cozy Bear раней абвінавачвалі ва ўзломе Нацыянальнага камітэту Дэмакратычнай партыі ў 2016 годзе і масавай хакерскай атацы на SolarWinds ў 2021 годзе. Расея адмаўляе ўсе абвінавачаньні.

Тым часам прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што вырашыў правесьці нараду аб кібэратаках з Расеі з ужываньнем так званых праграм-вымагальнікаў. Байдэн 6 ліпеня адказваў на пытаньне журналіста пра атаку на кампутарныя сеткі сама меней 1,5 тысячы кампаній, якія выкарыстоўваюць кампутарныя праграмы амэрыканскай фірмы Kaseya.

Паводле папярэдніх зьвестак, група хакераў з Расеі вядомая як REvil, выкарыстала праграмнае забесьпячэньне фірмы Kaseyа, каб блякаваць кампутары яе кліентаў і запатрабаваць выкуп за вяртаньне доступу да іх. Аб гэтай атацы стала вядома на мінулым тыдні. Спэцыялісты назвалі яе самай буйной зь вядомых хакерскіх атакаў. Паслугамі Kaseya карыстаюцца сотні тысяч у асноўным дробных кампаній па ўсім сьвеце, таму спэцыялісты кажуць, што пакуль немагчыма дакладна ацаніць маштабы гэтай атакі.

Амэрыканскія экспэрты кажуць, што групоўка REvil, як і Cozy Bear, зьвязаная з расейскімі выведнымі службамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG