У будынку гомельскага СІЗА з 24 чэрвеня ў закрытым рэжыме судзяць Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Мікалая Статкевіча, Уладзімера Цыгановіча, Арцёма Сакава і Дзьмітрыя Папова.
Іх абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў, дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, распальваньні сацыяльнай варожасьці ў Беларусі падчас падрыхтоўкі і правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе.
Гомельскі абласны суд пастанавіў зрабіць працэс закрытым.
«У кожным лісьце піша: «Беражы сябе», — маці Сяргея Ціханоўскага
Соф’я Ціханоўская, маці вядомага блогера і палітзьняволенага Сяргея Ціханоўскага, пакуль ня мела зь ім спатканьня ў СІЗА-3. Яна мяркуе, што спатканьне здолее атрымаць пасьля прысуду. «Пра суд я ня ведаю нічога. Лісты атрымліваю. Піша ў кожным лісьце: „Беражы сябе“, просіць моцна не перажываць. За што яго судзяць — нічога ня ведаю», — кажа маці.
Маці Арцёма Сакава таксама ня мае зьвестак пра суд у сына. Яна пераймаецца, што ў СІЗА зноў не прынялі вэнтылятар для Арцёма. Там у камэрах цяпер вельмі горача.
«Адвакат наконт справы нічым ня дзеліцца. Толькі настрой Арцёма, ягоны стан, і ўсё. Настрой зьменлівы, перажывае, але стрымлівае сябе. Перадалі яму шашкі і шахматы, будзе чым заняцца. Былі два лісты. Піша, што „месца пражываньня“ цяпер — як курорт, у сэнсе сьпёкі», — расказала Ларыса Сакава.
«Мікола мяркуе, што ўлады зноў наступілі на балючую тэму для Эўропы», — жонка Статкевіча
Жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч напрыканцы мінулага тыдня атрымала ад мужа адразу два лісты. Гэта першыя паведамленьні ад яго з пачатку судовага працэсу 24 чэрвеня. Турэмная цэнзура прапусьціла нават узгадкі пра ход працэсу.
«Як мінімум тры лісты яны, скажам так, „заныкалі“. Мне нічога не даходзіла. Але ў мінулую суботу атрымала два лісты адразу, — кажа Марына Адамовіч. — У іх Мікалай піша, што не прысутнічае больш у залі суду, як я і думала. Мікалай надзіва пасьлядоўны. Ён яшчэ падчас знаёмства з матэрыяламі справы прыйшоў да высновы, што справа сфальсыфікаваная цалкам. На яго думку, гэта злачынства, і ўдзельнічаць у ім ён не зьбіраецца. Адмовіўся знаёміцца з матэрыяламі. Перад пачаткам суду накіраваў у суд заяву, што адмаўляецца ўдзельнічаць у ім. Але Міколу ўпарта дастаўлялі туды, і вось, як ён зараз напісаў, тры паседжаньні запар яго выдалялі з залі суду. А на чацьвёрты дзень працэсу выдалілі да канца, да судовых спрэчак».
Марына Адамовіч кажа, што ня ведае, якім менавіта чынам Мікола Статкевіч дамагаўся выдаленьня сябе з судовай залі. Інфармацыі пра тое, што адбываецца на працэсе, у яе па-ранейшаму няма.
«Мікола адчувае сябе добра, ён заўсёды вельмі пазытыўны, — працягвае Марына Адамовіч. — У адным зь лістоў адрэфлексаваў на тое, што зараз адбываецца на межах Беларусі з Эўразьвязам. Піша, што нашыя ўлады падрыхтавалі сабе чарговы „самалёт“, маючы на ўвазе пасадку борта Ryanair. Мікола мяркуе, што ўлады зараз зноў наступілі на вельмі балючую тэму для Эўропы. Гэта можа выклікаць далейшы вал рэакцыі. Мяркую, Мікола не памыляецца. Мы самі бачым, што пачалося абмеркаваньне чарговага пакета санкцый».
Самаадчуваньне ў Статкевіча, па словах Марыны Адамовіч, зараз таксама добрае. Падчас першай дастаўкі ў суд яму вывернулі руку, але цяпер яна ўжо не баліць. Мікола нават аднавіў заняткі спортам у камэры.