Крымінальная справа дагэтуль не заведзеная, паведаміў БелаПАН брат загінулага Андрэй Ашурак.
«Крымінальнай справы пакуль няма, яшчэ не гатовыя экспэртызы. Матэрыялаў праверкі сабралася на цэлы том. Але канкрэтыкі асаблівай пакуль няма, на жаль, і калі яна будзе, невядома», – сказаў Андрэй Ашурак.
Сваякі палітвязьня забралі рэчы ў турме ў Горадні і ва ўпраўленьні Сьледчага камітэту па Магілёўскай вобласьці. Аддалі адзеньне, гадзіньнік, прадметы гігіены. Сярод атрыманых рэчаў, па словах Ашуркаў, не было дзёньніка, пра які той неаднаразова ўспамінаў у лістах і часам цытаваў адтуль фрагмэнты.
«Я напісаў скаргу на адсутнасьць дзёньніка. Вітольд пісаў, што яго вядзе. Гэта павінен быць агульны сшытак або некалькі сшыткаў. Магчыма, дзёньнік застаўся ў »карантыне« Шклоўскай калёніі», – сказаў брат палітвязьня.
Палітвязень Вітольд Ашурак памёр 21 траўня ў шклоўскай калёніі пры незразумелых абставінах. Родным назвалі прычынай сьмерці «спыненьне сэрца», а цела выдалі зь перабінтаванай галавой.
Вітольду Ашурку было 50 гадоў. Ён жыў у Бярозаўцы Лідзкага раёну на Горадзеншчыне. Працаваў у будаўніцтве «сам на сябе». Быў мясцовым актывістам, сябрам БНФ, каардынатарам руху «За свабоду». Падымаў экалягічныя пытаньні — забруджваньне рэк Дзітвы і Нёмана, забруджваньне паветра бярозаўскім шклозаводам. Выходзіў на адзіночныя пікеты. Усталёўваў разам з паплечнікамі крыжы і помнікі паўстанцам 1863–1864 гадоў у Горадзенскай і Берасьцейскай абласьцях. Шанаваў беларускую мову.
Ашурка затрымалі на некалькі дзён у дзень прэзыдэнцкіх выбараў, а потым — 19 верасьня 2020 году за падзеі 9 жніўня ў Лідзе. Яго вінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ў тым, што нібыта ўдарыў міліцыянта Антона Кацілу каленам у жывот. Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Ашурку далі 5 гадоў калёніі і прысудзілі кампэнсаваць шкоду міліцыянту ў памеры 1000 рублёў. Пасьля абвяшчэньня прысуду прысутныя выгукнулі «Ганьба!» і «Верым, можам, пераможам!», на іх завялі крымінальную справу за хуліганства.
Хто такі Вітольд Ашурак
- Вітольд Ашурак — палітычны і грамадзкі актывіст. Сябар партыі БНФ, абласны каардынатар руху «За свабоду». Жыў і працаваў у Бярозаўцы (Лідзкі раён). Нарадзіўся 13 кастрычніка 1970 году. Памёр 21 траўня 2021-га ў папраўчай калёніі № 17.
- Прыйшоў у палітыку пасьля Плошчы-2010 і арышту пасьля яе. Тады ж перайшоў на беларускую мову. Неаднойчы балятаваўся ў мясцовыя дэпутаты і парлямэнт. Ні разу туды ня трапіў.
- Падымаў экалягічныя пытаньні, у тым ліку пра забруджваньне паветра шклозаводам «Нёман» у Бярозаўцы, забруджваньне рэк Дзітва і Нёман, якое выклікала паморак рыбы. Выходзіў на акцыі і адзіночныя пікеты. Яго ня раз затрымлівалі і штрафавалі.
- Разам з паплечнікамі ўшаноўваў мясьціны паўстанцаў Каліноўскага на Горадзеншчыне і Берасьцейшчыне, ставіў каліноўцам помнікі і крыжы. Удзельнічаў у цырымоніі перапахаваньня паўстанцаў Каліноўскага ў Вільні ў 2019 годзе.
- Ашурак стаў лідэрам пратэстаў у Лідзе падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году. 9 жніўня да Лідзкага райвыканкаму прыйшлі тысячы чалавек, незадаволеныя агучанымі вынікамі галасаваньня. Вітольд у той вечар і раней заклікаў усіх да мірнага вырашэньня пытаньня.
- Актывіста затрымалі ўвечары 9 жніўня і асудзілі на 20 сутак: 15 за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», 5 дадалі за «непавагу да суду», бо Вітольд ня ўстаў, калі ўвайшоў судзьдзя. Яго выпусьцілі празь 5 дзён, калі сталі выпускаць усіх «палітычных». На плошчу ў Лідзе яго прывёз на сваёй машыне сам начальнік Лідзкага РАУС.
- Паўторна Ашурка затрымалі 19 верасьня 2020 году. Ён мусіў адбыць прыпынены арышт (15 дзён), яшчэ 15 сутак далі за тыя акцыі, на якія ён хадзіў у жніўні і верасьні.
- Празь месяц яго ня выпусьцілі з ізалятара. На Вітольда завялі дзьве крымінальныя справы за падзеі 9 жніўня: за «арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі) і за тое, што нібыта ўдарыў каленам у жывот міліцыянта Антона Кацілу (артыкул 364 КК Беларусі).
- Суд праходзіў у Лідзе ў закрытым рэжыме. Судзьдзя Максім Філатаў 18 студзеня 2021 году асудзіў Ашурка на 5 гадоў калёніі. Таксама актывіст мусіў выплаціць 1000 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды пацярпеламу міліцыянту Кацілу.
- Вітольд Ашурак быў прызнаны палітвязьнем.
- 21 красавіка Ашурка перавялі з горадзенскай турмы ў шклоўскую калёнію. Цягам месяца ад яго амаль не было лістоў, хаця перад гэтым лісты сябрам і сваякам ад яго прыходзілі часта. У адным з апошніх ягоных лістоў упершыню не было фразы «Жыве Беларусь!», якой ён завяршаў кожны ліст.
- 21 траўня родным паведамілі са шклоўскай калёніі, што Вітольд Ашурак памёр ад «спыненьня сэрца».
- Цела аддалі сваякам празь 5 дзён. Галава «ад макаўкі да носу» была забінтаваная. У магілёўскім моргу патлумачылі гэта тым, што цела нібыта ўдарылі галавой, калі вымалі зь лядоўні. У дакумэнтах прычына сьмерці Ашурка не названая.
- У той жа вечар зьявілася змантаванае зь некалькіх кавалкаў відэа Сьледчага камітэту, на якім нібыта апошнія моманты жыцьця Ашурка. Відаць чалавека ў пустой камэры ў робе з надпісам «ШИЗО». Ён стаіць, хістаючыся, а потым двойчы падае, б’ецца галавой. Супрацоўнік турмы перабінтоўвае яму галаву пасьля першага падзеньня і зноў пакідае аднаго ў камэры. Са словаў Сьледчага камітэту, Ашурак адмовіўся ад шпіталізацыі.
- Сваякі думаюць, што Вітольда забілі ў калёніі.
- Вітольда пахавалі на бярозаўскіх могілках пад бел-чырвона-белым сьцягам і з гімнам «Магутны Божа». Крымінальную справу па факце сьмерці Вітольда Ашурка не завялі.