Беларусь: у суткі афіцыйна захворваюць ад 495 да 1250 чалавек
Паводле інфармацыі афіцыйнага тэлеграм-каналу Мінздароўя, на 9 ліпеня 1 мільён 60 тысяч беларусаў атрымалі першую дозу вакцыны ад COVID-19. Поўны курс вакцынацыі, то бок дзьве дозы вакцыны, атрымалі 694,2 тысячы чалавек. Гэта каля 7,5% насельніцтва.
Што да колькасьці тых, хто захварэў, лічбы, якія штодня прыводзіць Мінздароўя ў сваім афіцыйным тэлеграм-канале, істотна вагаюцца.
Параўнаем статыстыку за апошнія 10 дзён, прыведзеную ў тым жа тэлеграм-канале Мінздароўя.
- 29 чэрвеня за суткі ў Беларусі зарэгістраваныя 495 новых пацыентаў.
- Далей Мінздароўя цягам тыдня дае інфармацыю, што кожныя суткі выяўляецца каля тысячы новых пацыентаў з ковідам.
- 6 ліпеня — зноў істотнае падзеньне (амаль у 2 разы) — захварэлі 557. У гэты дзень Мінздароўя дало справаздачу, што цалкам вакцынавана (то бок атрымалі дзьве дозы вакцыны) 7,1% насельніцтва краіны.
- А 9 ліпеня зноў захварэлі значна больш за 1 тысячу — 1250 чалавек, памерлі 11.
Абмежаваньняў для невакцынаваных грамадзян у Беларусі ня ўводзілася. Як паказвае назіраньне, прытрымліваюцца масачнага рэжыму, які яшчэ дзейнічае ў Беларусі ў грамадзкіх месцах, таксама ня ўсе.
Расея: каля 66% усіх штамаў каранавіруснай інфэкцыі, выяўленых з пачатку лета, — «дэльта плюс»
За апошнія суткі ў Расейскай Фэдэрацыі выяўлена 25 766 новых выпадкаў COVID-19, памерлі 726 чалавек.
Зь іх амаль чвэрць — 6040 новых выпадкаў — у Маскве, там памерлі 106 чалавек.
Цалкам вакцынавана прыкладна 13% насельніцтва, першую дозу атрымалі 19%.
Кіраўніца Расспажыўнагляду Ганна Папова паведаміла 8 ліпеня , што каля 66% усіх штамаў каранавіруснай інфэкцыі, якія выяўлены ў Расеі з пачатку лета, — гэта «дэльта плюс».
Паводле словаў чыноўніцы, расейцы завозяць «дэльту» пасьля адпачынку на Мальдывах, а таксама пасьля паездак у Эўропу і ЗША.
Папова таксама выказала думку, што ў Расеі трэба прышчапіць ад ковіду ўсё насельніцтва, каб стаць «самай перадавой краінай у барацьбе з хваробай».
«Масквічы і госьці сталіцы расслабіліся»
Афіцыйны сайт мэра Масквы паведамляе, што масавыя мерапрыемствы, установы грамадзкага харчаваньня з 28 чэрвеня ў Маскве можна наведваць толькі тым, хто абаронены ад каранавірусу:
- хто зрабіў прышчэпку (другім кампанэнтам вакцыны альбо аднакампанэнтнай вакцынай)
- хто перахварэў на COVID-19 цягам апошніх 6 месяцаў
- у каго ёсьць адмоўны ПЦР-тэст, не старэйшы за 3 дні.
Ніякія даведкі і сэртыфікаты не прымаюцца, QR-код павінен быць або раздрукаваны, або спампаваны ў смартфон.
Вось што расказвае беларуска Вольга, якая цягам апошніх 20 гадоў жыве ў Маскве. Вольга з мужам — людзі пэнсійнага веку, прышчапіліся самі, як толькі ў Расеі пачалася масавая вакцынацыя — яшчэ 30 сьнежня. Запісваліся на прышчэпку загадзя. Цяпер праблем з вакцынацыяй няма, пункты вакцынацыі паўсюль: у паліклініках, гандлёвых цэнтрах, стадыёнах і нават у буйных выставачных комплексах, кажа Вольга.
«Нягледзячы на распаўсюд індыйскага штаму, папярэджаньні ў СМІ, масквічы і госьці сталіцы расслабіліся.
У мэтро, у грамадзкім транспарце, нягледзячы на нагадваньне пра абавязковы масачны рэжым, вельмі шмат народу бяз масак. У першыя дні, як толькі абвясьцілі пра ўзмацненьне проціковідных захадаў, наяўнасьць абавязковых QR-кодаў, у кавярнях, рэстарацыях, народу амаль не было. Цяпер яны зноў поўныя. Я не магу сьцьвярджаць, што многія наведнікі ня маюць гэтых кодаў, але народу вельмі шмат.
Шчыра кажучы, мяне гэта вельмі трывожыць, бо мы вакцынаваліся больш за 6 месяцаў таму. І ад індыйскага штаму „Спутнік V“ нібыта не абараняе. Таму стараемся пазьбягаць шматлюдных месцаў, нават у краму ходзім да адкрыцьця, калі народу амаль няма», — дзеліцца сваёй занепакоенасьцю масквічка беларускага паходжаньня.
З 10 ліпеня ўехаць на тэрыторыю РФ можна толькі з прыкладаньнем «Путешествую без Covid-19»
Нягледзячы на амаль закрытыя наземныя межы і неба, лета — час адпачынкаў, і беларусы ўсё адно знаходзяць і шляхі выезду з краіны, і немалыя грошы. Да таго ж колькасьць пасажырскіх цягнікоў і авіярэйсаў у расейскія гарады павялічылася, бо Расея — адна зь нямногіх краінаў, куды беларусы легальна могуць выехаць.
З 10 ліпеня ўехаць на тэрыторыю РФ можна толькі з адмоўным ПЦР-тэстам, спампаваным на мабільныя прылады. Наяўнасьць адмоўнага ПЦР-тэста трэба пацьвердзіць з выкарыстаньнем мабільнага прыкладаньня «Путешествую без Covid-19».
Гэта прадугледжана пастановай галоўнага санітарнага ўрача Расейскай Фэдэрацыі ад 2 ліпеня 2021 году № 17.
Практычныя парады:
Спампаваць прыкладаньне можна бясплатна на сайце альбо праз Google Play і App Store. Пасьля гэтага трэба:
1. Выбраць мову
2. Уключыць геалякацыю
3. Прыняць умовы ліцэнзійнай дамовы
4. Загрузіць скан пашпарта
5. Выбраць краіну, у якую вы накіроўваецеся і адкуль вяртаецеся (Беларусь, Армэнію, Казахстан, Кыргызстан, Расею ці Таджыкістан)
6. Выбраць лябараторыю і запісацца на тэставаньне.
У лябараторыі трэба пацьвердзіць подпісам сваю згоду на працэдуру і на тое, што вынік прыйдзе ў прыкладаньне. Пасьля дасьледаваньня кліенту дадуць дакумэнт з QR-кодам, які неабходна адсканаваць праз прыкладаньне.
З адмоўным тэстам можна без праблем перамяшчацца ў межах ЭАЭС. Прычым трапіць з праграмай у Расею беларусы змогуць ня толькі са сваёй краіны, але і з Армэніі, Казахстану, Таджыкістану і Кіргізстану.
Рызыкі, зьвязаныя зь няспраўнай працай прыкладаньня, нясе карыстальнік. Некарэктная праца сэрвісу можа быць зьвязаная з мадэльлю тэлефона. Таму лепш праверыць плятформу загадзя.