14 дзён арышту за перасылку «лягатыпу экстрэмісцкага каналу»
У судзе Фрунзэнскага раёну разглядзелі справу 34-гадовага Алега Пралата паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Мужчыну зьвінавацілі ў «перасылцы лягатыпу, унесенага ў Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, са свайго нумару тэлефона», паведамляе «Вясна».
Супрацоўнікі міліцыі аб гэтым даведаліся 5 ліпеня. Дома ў Алега Пралаты правялі ператрус, падчас якога ён пацьвердзіў, што рабіў рэпост яшчэ зь некаторых каналаў, якія лічацца «экстрэмісцкімі». Яго затрымалі.
Суду Алег Пралат патлумачыў, што ня лічыць гэта «распаўсюдам экстрэмісцкіх матэрыялаў», бо карыстаўся каналам дзеля навінаў, як і парталам Tut.by.
Судзьдзя Марыя Ярохіна прызнала Алега Пралата вінаватым і арыштавала на 14 сутак.