Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка Міколы Статкевіча лічыць, што ён не наведвае судовыя паседжаньні


Жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч, архіўнае фота
Жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч, архіўнае фота

У Гомлі скончыўся сёмы дзень працэсу па справе Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Мікалая Статкевіча і іншых палітвязьняў.

У Гомельскім СІЗА-3 скончыўся сёмы дзень судовага працэсу па справе Сяргея Ціханоўскага, Міколы Статкевіча, Ігара Лосіка, Арцёма Сакава, Уладзімера Цыгановіча і Дзьмітрыя Папова.

Суд праходзіць у закрытым рэжыме ў памяшканьні СІЗА, трапіць на паседжаньне змаглі толькі адвакаты абвінавачаных. Як расказала жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч, ад самага пачатку працэсу яна не атрымлівае лістоў ад мужа, хоць раней яны прыходзілі рэгулярна. Таксама, па словах Адамовіч, Статкевіча больш няма ў залі паседжаньняў. За некалькі тыдняў да пачатку суду муж казаў ёй, што не зьбіраецца ўдзельнічаць у працэсе.

«Лістоў ад Міколы няма, — кажа Марына Адамовіч. — Прычым я дакладна ведаю, што ён пісаў мне ўжо пасьля пачатку працэсу. І што ён мне піша два разы на тыдзень. Але я так нічога і не атрымала. Адзінае, што я маю ўскоснае пацьвярджэньне таго, што Мікола выканаў сваю праграму цалкам. А гэта для мяне азначае, што яго ў залі на судовых пасяджэньнях няма, ён там не прысутнічае».

Кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік за кратамі ўжо 377 дзён. Яго жонка Дар’я Лосік дзяжурыць ля сьценаў СІЗА падчас усяго працэсу.

Дарья Лосік, архіўнае фота
Дарья Лосік, архіўнае фота

«Сяджу вось ля СІЗА, асабліва нічога вакол мяне не адбываецца, — расказвае Дар’я Лосік. — На выходных я была дома ў Баранавічах, атрымала ліст ад Ігара. Ліст вельмі пэсымістычны, Ігар ні ўва што ня верыць. Ня верыць у тое, што нешта зьменіцца ў лепшы бок. Ня мае апэтыту. Есьць, галадоўкі не абвяшчаў.

Нічога добрага ў лісьце не было, на жаль. Ліст ужо пасьля пачатку суду адпраўлены, 29 чэрвеня (судовы працэс пачаўся 24 чэрвеня. — РС). Ігар незадаволены тым, што суд закрыты. І ніхто ня можа ведаць, што там адбываецца, пабачыць усё тое беззаконьне, якое там адбываецца. Прасіў пацалаваць дачку за яго».

Дар’я Лосік просіць таксама пісаць лісты Ігару ў СІЗА, перапіска зь ім не спыняецца.

У аўторак 6 ліпеня яна таксама змагла аднесьці мужу перадачу. У яе не ўзялі фатаздымак, на якім Дар’я сфатаграфавалася разам з дыпляматамі краін Эўразьвязу перад пачаткам працэсу Ігара.

«Сказалі, што ў Ігара ўжо ёсьць фатаздымкі ў камэры, — расказвае Дар’я. — Усім вядома, што разам зь перадачай можна перадаць два фатаздымкі. І няважна, ці ёсьць у зьняволеных ужо іншыя фота. Першы раз з такім сутыкнулася. Усюды бралі здымкі — і ў Гомлі, і ў Жодзіне раней. А вось дакладна гэты не ўзялі. Узялі ў рукі ў мяне, аднесьлі некуды, хвіліны 3–4 нікога не было. А потым прынесьлі і сказалі, што не».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG