Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Абстаноўка нагадвае матрошку». У гомельскім СІЗА працягваецца разбор справы Лосіка, Ціханоўскага і іншых


Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, Уладзімер Цыгановіч, Арцём Сакаў, Дзьмітры Папоў
Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, Уладзімер Цыгановіч, Арцём Сакаў, Дзьмітры Папоў

29 чэрвеня судовае паседжаньне аднавілася ў закрытым рэжыме ў гомельскім СІЗА. Адвакаты маюць падпіску аб неразгалошваньні, ім забаронена што-кольвек казаць пра справу і судовы разгляд. Мяркуецца, што ў канцы ліпеня можа быць вынесены прысуд.

Па выніках паседжаньня 26 чэрвеня Натальля Мацкевіч, адвакатка Ціханоўскага, напісала ў сваім twitter: «Гомель, СІЗА-3. Абстаноўка нагадвае матрошку: чарада спэцтэхнікі перад агароджай ізалятара, за ім — турма, у турме — пакой, у пакоі — клетка, у клетцы — людзі, у людзях — душа».

Дар’я Лосік: «Сказалі, каб я была акуратнай»

Кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік за кратамі ўжо 369 дзён. Усе дні, што ідзе суд па яго справе, ля сьценаў СІЗА-3 Гомля дзяжурыць жонка Ігара Дар’я.

«Шчыра кажучы, пра сам працэс я сказаць нічога не магу, — кажа Дар’я Лосік. — Усе на падпісцы аб неразгалошваньні. Гэты працэс — таямніца за сям’ю замкамі. Падрабязнасьцяў і дэталяў судовага працэсу я ўвогуле ня ведаю. Лісты мне ад Ігара не даходзяць ужо тыдзень. Магчыма, гэта нейкі блёк на перапіску. Але я дакладней не магу сказаць».

Па словах Дар’і Лосік, судзяць яе мужа на тэрыторыі СІЗА-3 Гомля з аўторка па пятніцу, паседжаньняў у выходныя дні і па панядзелках няма. Прадугледжаны таксама перапынак на абед.

Сама Дар’я ўсе дні, пакуль ідзе паседжаньне, знаходзіцца ля сьценаў гомельскага СІЗА. Чым выклікае заклапочанасьць «людзей у цывільным».

«Яны пэрыядычна правяраюць, ці на месцы я, — расказвае Дар’я Лосік. — Я тут сяджу пад сьцяной. Пэрыядычна могуць нешта сказаць на мой адрас, але я ўжо прывыкла. Пытаюцца, як у мяне справы, такія размовы. Яшчэ сказалі, каб я была акуратнай. Гэта ўжо можна расцаніць як пагрозу на мой адрас, калі апусьціць жарты. Сама я да іх не зьвяртаюся. Іх тут даволі шмат, чалавек каля дзесяці. Яшчэ даішнікі ёсьць, якія не пускаюць мяне на паркоўку СІЗА. Прычым толькі мяне, што цікава. Кажуць проста, што мне нельга туды, і ўсё. Ніяк не тлумачаць прычынаў».

Дар’я таксама кажа, што дзяржаўных журналістаў каля СІЗА-3 Гомля больш ня бачыла, яны прыяжджалі толькі ў першы дзень працэсу 24 чэрвеня. Яна зьбіраецца быць у Гомлі да канца суду па справе мужа. Як доўга ён працягнецца, Дар’я можа толькі здагадвацца.

«Я думаю, працэс будзе ісьці яшчэ даволі доўга, — мяркуе Дар’я Лосік. — Як Ігар расказваў, у справе каля 180 тамоў. А гэта ж усё трэба будзе агучыць падчас разбору, як я разумею. Я дакладна не разьбіраюся ў працэдуры. Але нейкія спрэчкі судовыя яшчэ павінны быць. Таму, я думаю, гэта будзе вельмі працяглы працэс. Але пакуль ён ідзе, я буду тут побач. Я б хацела трапіць на паседжаньне. Ім было б нашмат прасьцей запусьціць мяне туды, а ня бегаць за мной тут».

Праваабаронца: «Баяцца розгаласу вакол суду»

Праваабаронца Беларускага Хэльсынскага камітэту Віктар Адзіночанка ранкам 29 чэрвеня быў ля гомельскага СІЗА, дзе пачынаўся суд.

«Там шмат людзей у цывільным ходзіць па вуліцы Кніжнай. Невядома, чаго яны баяцца, але пільна сочаць за тэрыторыяй. Як толькі мяне прыяцелька сфатаграфавала — адразу да нас падышлі гэтыя ў цывільным. Яны былі ветлівыя, але канкрэтныя. Папрасілі паказаць здымкі, сказалі, што тут рэжымны абʼект і нельга фатаграфаваць. Паказалі міліцэйскія пасьведчаньні. Хутчэй за ўсё, „органы“ баяцца розгаласу вакол суду, ня хочуць, каб людзі давалі інтэрвію, каб там былі журналісты», — мяркуе праваабаронца.

Каля СІЗА ён бачыў Дар’ю Лосік. «Мы трохі паразмаўлялі. Яна выглядае стомленай. Я мяркую, што на яе ціснулі гэтыя ў цывільным», — дадаў Віктар Адзіночанка.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG