Працэс па справе палітвязьняў ідзе ў гомельскім СІЗА-3. Адвакаты ня могуць расказваць яго падрабязнасьці нават родным абвінавачаных.
Жонка кансультанта Радыё Свабода, палітвязьня Ігара Лосіка Дар’я дзяжурыць ля будынку СІЗА-3 Гомля ад самага пачатку працэсу па справе мужа — з 24 чэрвеня. Па яе словах, увесь гэты час навокал знаходзяцца супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным.
«У мяне тут нічога асабліва не адбываецца, затрымаць мяне больш не спрабавалі, толькі тады, у першы дзень суду, — кажа Дар’я Лосік. — Сяджу тут на сьвежым паветры. Яны таксама назіраюць, дзе я тут знаходжуся. Іх даволі шмат. Прыходзяць раней за мяне, зьяжджаюць таксама пазьней, атрымліваецца. Я, праўда, асабліва не сачу за імі, калі зьяжджаю».
Пра ход працэсу Дар'я Лосік ня ведае амаль нічога. Толькі тое, што паседжаньні пачынаюцца каля 10-й гадзіны і канчаюцца пасьля 17-й. Зь перапынкам на абед. У панядзелак справу Ігара Лосіка, Міколы Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага і іншых не разглядаюць.
«Пра настрой Ігара зараз нічога ня ведаю, — прызнаецца Дар’я. — Як і пра сам суд. Няма зусім ніякай інфармацыі, што там адбываецца цяпер. Ведаю, што Ігар мне напісаў ліст. Вось чакаю ліста цяпер. Я ня ведаю толькі, ці нешта ад Ігара зараз даходзіць, ужо тыдзень не была дома ў Баранавічах, увесь час у Гомлі. Нічога больш не магу сказаць. Усё гэта за завесай таямніцы такой цяпер».
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, працэс будзе працягвацца ўвесь ліпень. Вядома, што ў справе 177 тамоў.
«Я ганаруся сваім сынам!» — маці Арцёма Сакава
Маці палітвязьня Арцёма Сакава сёньня перадавала сыну перадачу. Нягледзячы на сьпёку ў камэрах, вэнтылятар у яе адмовіліся ўзяць. Арцём казаў праз адваката, што «заля суду» — больш прахалоднае памяшканьне, чым душная камэра.
«Былі ля СІЗА. Пазнаёміліся з Дашай Лосік, якая штодня там, ля сьцен турмы. Даведаліся, што з 29 чэрвеня па 29 ліпеня ня будзе працаваць крама ў СІЗА, дзе людзі маглі б набыць неабходнае», — сказала Ларыса Сакава.
Яна падкрэсьліла, што ганарыцца сынам.
«Я год перажывала за яго. На спатканьні даведалася, што ён дапамагае, як можа, іншым людзям, якія сядзяць, што ён дбае пра іншых, нават у турме. Я ганаруся ім», — кажа маці.
Аказалася, што Арцём некаторы час на Валадарскага сядзеў разам са Сьцяпанам Латыпавым. Ён Сьцяпану прысьвяціў малюнак, які намаляваў у гомельскім СІЗА.
«Пра суд мы ня ведаем нічога абсалютна. Толькі ведаем, што Арцём не выказваецца, не канфліктуе, паводзіць сябе стрымана», — кажа Ларыса Сакава.