Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зводнага брата былога палітвязьня Арцёма Дубскага вінавацяць у тэрарызьме


Ільля Дубскі
Ільля Дубскі

У магілёўскім сьледчым ізалятары ўжо тры месяцы трымаюць жыхара Асіповічаў Ільлю Дубскага. Сваякам вядома, што яго абвінавачваюць па двух артыкулах: першай частцы 130 артыкула Крымінальнага кодэксу («распальваньне варожасьці») і 359-м артыкуле («акт тэрарызму ў дачыненьні да дзяржаўнага дзеяча»).

Сваякі кажуць, што ўжо месяц ад Ільлі няма ніводнай весткі. Яны таксама сьцьвярджаюць, што хлопец быў заўжды далёкі ад палітыкі.

«Меў праблемы з законам»

Ільлі Дубскаму 24 гады. Ён зводны брат былога лідэра арганізацыі маладафронтаўцаў у Асіповічах, экс-палітвязьня Арцёма Дубскага, які ўжо 10 гадоў як выехаў у Польшчу. Арцём Дубскі не выключае, што праблемы ў зводнага брата ўзьніклі менавіта таму, што яны сваякі.

«Раней брат меў праблемы з законам, і летась зноў аказаўся за кратамі. Мяркую, проста як хуліган. Але зь яго зрабілі палітычнага. Можа, узгадалі, што ў Асіповічах ужо быў адзін актывіст Дубскі, дык і другога туды ж запісалі. Між тым, колькі яго ведаю, ён заўсёды быў па-за палітыкай», — сьцьвярджае Арцём Дубскі. Былы маладафронтавец кажа, што кантактуе з братам Ільлём ня часта, бо яны жывуць у розных краінах.

Больш пра тое, што здарылася з Ільлём Дубскім, ведае ягоная сястра Вера (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы). Паводле Веры, у лістападзе мінулага году яе брат адбыў 13 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у мітынгу, але яна ўпэўненая, што ані ў якім мітынгу ён ня ўдзельнічаў.

«Брату 24 гады, а лёс у яго ўжо складаны. Пасьпеў адбыць тры гады за „закладкі“ наркотыкаў, выйшаў і трапіў у новую гісторыю з хуліганствам — атрымаў „хімію“. Як адбыў яе, зьехаў працаваць у Расею. Працаваў на аўтазапраўцы, нібыта ўсё было добра. Але летась вырашыў на некалькі месяцаў вярнуцца дамоў, радзіму адведаць. Лепш бы не прыяжджаў! У лістападзе пайшоў з дому па цыгарэты і зноў апынуўся за кратамі», — кажа сястра Ільлі Дубскага.

Што дакладна здарылася з братам, які пайшоў па цыгарэты, Вера ўсё ж ня ведае. Кажа, што Ільля, як выйшаў пасьля 13 сутак адміністрацыйнага арышту, пра гэта ёй не расказваў. А тое, што пасадзілі за ўдзел у апазыцыйным мітынгу, іхнай маці, паводле Веры, сказалі ў міліцыі.

«Але ў мітынг мы ня верым», — кажа Вера і выстаўляе такі аргумэнт: у лістападзе мітынгаў ці маршаў у Асіповічах зусім не было, пратэсты «згасілі» яшчэ ў верасьні.

«Дый горад у нас малы, усяго 30 тысяч, усе навідавоку. Пра Ільлю ўсе ведаюць, што ён з палітыкай ніколі ня зьвязваўся, чаго раптам яму цяпер падстаўляцца?» — кажа Вера.

«Казаў, што цыгарэты аб яго тушылі»

Таксама сястра Ільлі згадвае, якім ён выйшаў з арышту ў лістападзе мінулага году. Дзяўчына не выключае, што брат з таго часу чамусьці баяўся новага затрыманьня.

«Вярнуўся іншым чалавекам: замкнёны такі, нэрвовы, нават запалоханы. На руках сьляды апёкаў. Казаў, што цыгарэты аб яго тушылі. Пачаў хавацца, але ў сакавіку па яго зноў прыйшлі», — згадала Вера.

Паводле дзяўчыны, спачатку ніхто са сваякоў ня ведаў, у чым вінавацяць Ільлю. Бо ў першых лістах на волю ён пра гэта нічога не паведамляў. Дзяжурны адвакат таксама пра гэта маўчаў. Потым ад сьледчага стала вядома, што Ільлю падазраюць паводле першай часткі 130 артыкула Крымінальнага кодэксу — пра распальваньне варожасьці, і паводле 359 артыкула, у якім вядзецца пра тэрарызм супраць дзяржаўнага чыноўніка. А месяц таму ў апошнім лісьце, ужо з магілёўскай калёніі, Ільля напісаў, што па адным артыкуле мусіў прызнаць віну, толькі не ўдакладніў, па якім.

«Нават дзівімся, як цэнзура такі ліст прапусьціла? І чаму не ўдакладніў, што прызнае, а што не? Напісаў і замаўчаў зусім, ужо месяц ад яго няма вестак. Сьледчы сказаў бацьку, што дэталяў абвінавачаньня паведаміць ня мае права, а з Ільлём нібыта ўсё нармальна, жывы-здаровы. Толькі паскардзіўся, што праблем ім зашмат стварае. А мы ўсё думаем: як ён мог прызнаць віну, калі ўвесь час сядзеў дома? Хіба што маглі прымусіць», — мяркуе сястра Ільлі Дубскага.

Сястра Ільлі Вера пацьвердзіла словы Арцёма Дубскага пра тое, што палітыкай ён не цікавіўся.

«Канешне, у жніўні, як былі выбары, перажываў за тое, што адбывалася. Але ўдзельнічаць у нечым пратэставым — гэта не яго. Хутчэй за ўсё, Арцём мае рацыю: Ільля з прычыны свайго прозьвішча проста аказаўся зручнай асобай для нейкіх гульняў у тэрарызм, якія вядуць спэцслужбы. Цяпер такі час, што ўсё магчыма», — мяркуе Вера.

Зводны брат Ільлі Дубскага Арцём у 2008 годзе быў фігурантам «справы 14-ці», заведзенай пасьля масавага мітынгу прадпрымальнікаў, які адбыўся на плошчы Незалежнасьці 10 студзеня. Арцёма Дубскага асудзілі спачатку на «хатнюю хімію». У выніку ён амаль год адбыў за кратамі і ў 2011 годзе зьехаў зь Беларусі. Цяпер жыве і працуе ў Польшчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG