Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Офіс Ціханоўскай атрымаў статус у Літве як прадстаўніцтва беларускай дэмакратыі

абноўлена

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

«Беларусь не Лукашэнка, і цяпер гэта прызналі афіцыйна», — заявіла Ціханоўская.

Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс на брыфінгу са Сьвятланай Ціханоўскай у Вільні заявіў аб прызнаньні ейнага Офісу афіцыйным прадстаўніцтвам беларускай дэмакратыі.

«Некаторы час таму мы атрымалі зварот з просьбай прызнаць дыпляматычнае прадстаўніцтва. Для гэтага былі неабходныя папраўкі да прававых актаў, паколькі ў гэтым выпадку мы прызнаем не дзяржаву, не міжнародную арганізацыю, а дэмакратычную волю народу. Гэта знаходзіць адлюстраваньне і ў назьве. Літва прызнае выяўленую беларускім народам волю, якая, як выбар, не выкананая да канца. І гэтаму выбару, яго прадстаўнікам Літва дае магчымасьць працаваць у нашай краіне да таго часу, пакуль гэтая воля не будзе выканана ў іх роднай краіне. (...) Гэта знак падтрымкі беларускага народу і Святланы Ціханоўскай тут, у Літве», — цытуе Ландсбергіса Delfi.

Паводле прэсавай службы Сьвятланы Ціханоўскай, такім чынам Літва запусьціла новы этап дэлегітымізацыі рэжыму Лукашэнкі, гэта першая краіна Эўразьвязу, якая зрабіла такі крок, і ідзе далейшая праца, каб адкрыць прадстаўніцтвы народу Беларусі ў іншых краінах.

«Я дзякую Літве за тую вялізную падтрымку, якую і ўвесь беларускі народ, і я асабіста атрымалі за гэтыя месяцы. Беларусь не Лукашэнка, і цяпер гэта прызналі афіцыйна», — заявіла Ціханоўская.

Валер Кавалеўскі, дарадца Сьвятланы Ціханоўскай, патлумачыў «Нашай Ніве», што азначае падобны статус.

«Найперш, гэта прызнаньне законных падставаў барацьбы беларусаў за свае правы, сымбалічны крок, які замацоўвае за Сьвятланай Ціханоўскай статус лідэра дэмакратычных сілаў і падкрэсьлівае, што беларускі народ павінен прадстаўляцца людзьмі, якія адстойваюць інтарэсы самога народу, а не палітычныя інтарэсы прыватнай асобы».

Па яго словах, цяпер вядуцца перамовы аб адкрыцьці такіх прадстаўніцтваў у розных краінах.

«Гэта мае выглядаць амаль як паўнавартасная дыпляматычная праца, хіба што без магчымасьці аказваць консульскія паслугі: юрыдычная дапамога беларусам за мяжой, напрацоўка гандлёва-эканамічных і палітычных кантактаў, інфармаваньне замежнай супольнасьці аб сытуацыі ў Беларусі.

Гэта неабходнасьць ва ўмовах, калі прастора для дзеяньня афіцыйных прадстаўніцтваў рэзка скарочаная».

Як адзначыў Валер Кавалеўскі, пакуль не стаіць пытаньне аб тым, каб «забраць у афіцыйных прадстаўніцтваў іх статус ці будынкі». Аднак гэта залежыць толькі ад таго, як будзе сябе паводзіць рэжым у сваім стаўленьні да непахісных каштоўнасьцяў незалежнасьці і сувэрэнітэту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG