Разам зь Сяргеем Ціханоўскім судзяць Мікалая Статкевіча, Ігара Лосіка, Арцёма Сакава, Дзьмітрыя Папова і Ўладзіміра Цыгановіча.
Жонка палітвязьня Святлана Ціханоўская, якая пасьля выбараў прэзыдэнта 2020 году была вымушаная зь дзецьмі выехаць за мяжу, выступіла з заявай з нагоды пачатку працэсу.
Сьвятлана Ціханоўская заявіла:
«29 траўня 2020 года майго мужа Сяргея Ціханоўскага затрымалі проста на пікеце па зборы подпісаў. З тых часоў жыцьцё нашай сям’і — як і тысяч семʼяў беларусаў — вельмі зьмянілася.
З таго дня Сяргей ні разу ня бачыў нашых дзяцей. Ён ня чуў, як пяцігадовая Агнія пытаецца: „Мама, а тата дакладна не памёр?“ І ня чуў, як адзінаццацігадовы Карней адказвае ёй: „Наш тата — у закладніках у рэжыму“.
Сяргей за гэты час не пайшоў ні на якія пагадненьні з рэжымам. Ён застаецца тым жа гордым і непахісным чалавекам, як на стрымах і плошчах.
Зараз абсалютна ўсё роўна, які тэрмін запросіць Сяргею, а таксама Мікалаю Статкевічу, Арцёму Сакову, Дзьмітрыю Папову, Ігару Лосіку і Ўладзімеру Цыгановічу той, хто называе сябе пракурорам, і які прысуд зацьвердзіць той, хто называе сябе судзьдзёй. Бо ўсе разумеюць, што гэта не суды, а пэрсанальная помста і расправа таго, хто захапіў і ўтрымлівае ўладу пры дапамозе гвалту.
Сяргей сказаў: „Я буду сядзець столькі, колькі дазволіць народ Беларусі“. Народ Беларусі — гэта я і вы, гэта беларусы ў краіне і з дыяспары. І ад кожнага з нас залежыць тое, як хутка нашы героі вернуцца дадому, абдымуць блізкіх і разам будуць будаваць краіну для жыцьця».