Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як «тытунёвыя» санкцыі закрануць беларускую эканоміку


Кантрабандныя беларускія цыгарэты ва ўкраінскім Луцку.
Кантрабандныя беларускія цыгарэты ва ўкраінскім Луцку.

Сэктаральныя санкцыі закранулі, сярод іншага, і тытунёвы бізнэс у Беларусі. Глядзім, як гэта на ім адаб’ецца.

ЭЗ наклаў забарону на пастаўку ў Беларусь прадукцыі, сыравіны і абсталяваньня для вытворчасьці тытунёвых вырабаў. А таксама абсталяваньня для падрыхтоўкі і прыгатаваньня тытуню.

Пры гэтым кантракты, якія дзейнічаюць да моманту прыняцьця санкцый, не спыняюцца. Глядзім, наколькі гэтае абсталяваньне важнае для Беларусі.

За год 12 мільёнаў даляраў на абсталяваньне для тытуню

За мяжой Беларусь закупляе тытунь, абсталяваньне для яго прыгатаваньня, абсталяваньне для вырабу цыгарэт, фільтры, цыгарэтную паперу.

Усе гэтыя катэгорыі ўваходзяць у гандлёвы код 8478, які ёсьць у афіцыйнай статыстыцы імпарту. За мінулы год Беларусь імпартавала такога абсталяваньня на 12,1 мільёна даляраў. Прычым 12 мільёнаў даляраў — гэта імпарт з краін ЭЗ. Самыя буйныя пастаўшчыкі: Нямеччына і Італія. То бок па заканчэньні кантрактаў Беларусі давядзецца шукаць новых пастаўшчыкоў, калі санкцыі да таго часу яшчэ будуць працаваць.

Леў Львоўскі.
Леў Львоўскі.

«Санкцыі могуць сур’ёзна ўдарыць па тытунёвай індустрыі ў Беларусі. Амаль усю патрэбную прадукцыю для цыгарэт, апроч тытуню, Беларусь імпартуе з розных краін, у тым ліку з Эўропы. Наступ на беларускую тытунёвую прамысловасьць наогул ідзе з усіх бакоў: ЭЗ адзначыла тытунёвую прамысловасьць як спонсара рэжыму. Мінфін Расеі заявіў пра намер павысіць штрафы за нелегальны ўвоз цыгарэт унутры ЕАЭС. Іх, відаць, таксама турбуе беларуская кантрабанда. Кантрабанду цяпер знаходзяць і на мяжы зь Літвой, і ў расейскім порце, дзе цыгарэты хавалі ў дошкі», — прыводзіць прыклады Леў Львоўскі, старшы навуковы супрацоўнік BEROC.

Куды Беларусь прадае цыгарэты

Афіцыйная статыстыка паказвае толькі продаж цыгарэт за 2016 год. Сьвяжэйшых дадзеных няма. Паводле арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця, легальны экспарт тытунёвых вырабаў зь Беларусі ацэньваецца ў некалькі мільёнаў эўра на год, прадаюць у асноўным у Грузію і Азэрбайджан.

Беларускія кантрабандныя цыгарэты, схаваныя ў дошках, затрымалі ў Расеі.
Беларускія кантрабандныя цыгарэты, схаваныя ў дошках, затрымалі ў Расеі.

Пры гэтым у Эўропе ўсё часьцей ловяць нелегальныя партыі беларускіх цыгарэт. У мінулым годзе на мяжы з Латвіяй спынілі 72 мільёны незадэкляраваных цыгарэт — гэта на 23,7% больш, чым годам раней. Такія лічбы называе Сандра Каркліня-Адміне, намесьніца дырэктара Ўпраўленьня мытні Службы даходаў Латвіі. З усёй гэтай кантрабанды 55% выявілі на беларуска-латвійскай мяжы.

І нават на латвійска-расейскай мяжы лавілі цыгарэты зь беларускімі акцызамі. Уся гэтая прадукцыя, у асноўным, выраблена на горадзенскай тытунёвай фабрыцы «Нёман».

За 9 месяцаў мінулага году літоўская мытня затрымала 13,1 мільёна пачкаў кантрабандных цыгарэт — гэта па 5 пачкаў на кожнага жыхара краіны. Паводле літоўскай мытні, «амаль усё — беларускай вытворчасьці».

А што з унутраным рынкам

У Беларусі два буйныя вытворцы тытунёвых вырабаў: горадзенская фабрыка «Нёман» (70–80% прадукцыі) і прыватная кампанія «Табак-Інвест» у Менску (каля 20% рынку). У 2008–2011 гадах аб’ём вытворчасьці тытунёвых вырабаў у Беларусі расьце на 11% у год.

Палітычнае графіці 3% на гандлёвым кіёску Табакерка.
Палітычнае графіці 3% на гандлёвым кіёску Табакерка.

У жніўні 2018 году кампанія бізнэсоўца Аляксея Алексіна «Энэрга-Оіл» атрымлівае аднаасобнае права на продаж тытунёвых вырабаў Горадзенскай фабрыкі «Нёман» гуртам і ўраздроб на ўнутраным і зьнешнім рынках.

Квота выпуску цыгарэт у Беларусі перавышае патрэбы ўнутранага рынку. Напрыклад, у 2017 годзе пры ёмістасьці рынку 20 мільярдаў цыгарэт выпуск складаў 29 мільярдаў.

«Тытунёвая галіна зможа жыць і за кошт унутранага рынку, але тады вытворчасьць скароціцца. Найбуйнейшыя платнікі ў бюджэт Беларусі, сярод іншых, — прадстаўнікі алькагольнай і тытунёвай прамысловасьці», — мяркуе Леў Львоўскі.

Пакуль незразумела, ці зможа тытунёвая прамысловасьць забясьпечыць такія ж паступленьні ў бюджэт ва ўмовах санкцый.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG