Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазьняк: «Калі б Ціханоўская тады адгукнулася, я б вярнуўся ў Беларусь»


Лідэр Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ заявіў у інтэрвію польскай штодзённай газэце Rzeczpospolita, што ягонае атачэньне спрабавала летась выйсьці на сувязь са Сьвятланай Ціханоўскай. Але гэтым спробам перашкодзілі неназваныя прадстаўнікі яе штабу.

Паводле яго, яшчэ на самым пачатку, як толькі арыштавалі Сяргея Ціханоўскага і Сьвятлана падала свае дакумэнты ў Цэнтравыбаркам, людзі зь яе атачэньня спрабавалі навязаць зь ім кантакт. Але, калі ён хацеў зьвязацца зь ёй, гэта было ўжо немагчыма, маўляў, яе акружыў кардон людзей.

Калі Ціханоўскую дапусьцілі да выбараў, то калегі Пазьняка, былыя дэпутаты Вярхоўнага Савету, чарговы раз паспрабавалі зь ёй пагаварыць. Але іх, паводле палітыка, нават ніхто не пусьціў у офіс. У ліпені прадстаўніку Пазьняка ўдалося абмяняцца зь ёй пару словамі і перадаць кнігу «Нацыянальныя каштоўнасьці». Аднак тады, кажа Пазьняк, яна ўжо была ізаляваная ад рэшты сьвету.

«Сьвета падчас выбарчай кампаніі ў Беларусі стала зоркай, яна ні з кім не размаўляла. Беларуская нацыянальная ідэя ёй чужая, як і шмат каму зь яе атачэньня, якія глядзяць на Маскву. Калі б Ціханоўская адгукнулася і захацела пагаварыць пра нашу Бацькаўшчыну, я б прыехаў у Беларусь і падказаў, што трэба зрабіць, бо ўсе глядзелі на Ціханоўскую. Быў момант, які трэба было неадкладна скарыстаць. Перадусім зь беларусамі палітык мусіць размаўляць па-беларуску. Рэжым Лукашэнкі размаўляе па-расейску... Калі на вуліцах 200 альбо 300 тысячаў чалавек, трэба самаарганізоўвацца. Дзьве тысячы чалавек уваходзяць у будынак адміністрацыі Менску, тры тысячы займаюць дзяржаўную тэлевізію, а ў рэгіёнах пратэстоўцы займаюць сядзібы мясцовых уладаў. Фармуюцца часовыя самакіраваньні, фармуюцца каманды абароны дэманстрантаў, абяззбройваецца міліцыя. Вось як гэта робіцца», — кажа Пазьняк у інтэрвію польскай газэце.

Зянон Пазьняк таксама раскрытыкаваў заклікі атачэньня Ціханоўскай і Латушкі да санкцыяў супраць Беларусі:

«Санкцыі ня будуць эфэктыўнымі, яны раздушаць Беларусь, а Лукашэнка ацалее. Масква яму дапаможа, бо гэта ў яе інтарэсах. Тыя спадарыні і спадары ня маюць ніякага маральнага права выступаць ад імя народу, якога яны ня ведаюць, пераконваць народ, каб ён пакутаваў праз памылкі сваёй няздатнасьці ў палітыцы. Нельга нішчыць Беларусь, каб зрынуць Лукашэнку. Хіба яны не разумеюць, што тыя жорсткія санкцыі, якія яны просяць, дадуць Расеі магчымасьць задарма захапіць беларускую эканоміку, а потым і ўсю дзяржаву? Яны не ахвяравалі сабой дзеля гэтага народу. Хіба ім ня сорамна так казаць? Ня будзе хлеба, працы, свабоды, незалежнасьці, а народ павінен пакутаваць. Яны патрабуюць пакутаў ад іншых, будучы за мяжой. Яны ня ведаюць, што кажуць».

Паводле Пазьняка, нават калі Эўропа і ўвесь заходні сьвет увядуць самыя жорсткія з усіх магчымых санкцый, улучна з адключэньнем ад глябальнай сыстэмы фінансавых разьлікаў SWIFT, гэта не прывядзе да краху рэжыму. На яго думку, большасьць палітыкаў у Эўропе гэтага не разумеюць, а тыя, хто разумее, маўчаць.

«Такія санкцыі будуць на руку выключна Расеі і расейскім алігархам. Масква і так заўсёды працягне руку дапамогі Лукашэнку, гэта ў межах яе фінансавых магчымасьцяў. Санкцыі пакладуць на лапаткі беларускую эканоміку, такія гіганты, як „Беларуськалій“, „Гродна Азот“, „МАЗ“, „Нафтан“ і г. д. Расея будзе ўтрымліваць Лукашэнку, і ён будзе змушаны за гэтую дапамогу разьлічыцца. Але чым? Ён прадасьць за бесцань вядучыя прадпрыемствы», — лічыць Зянон Пазьняк.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG