У інтэрвію Свабодзе старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ расказвае, чым яго ўразілі падзеі апошніх месяцаў у Беларусі, тлумачыць, чаму варта захаваць мірны характар пратэсту ў Беларусі і якая яго галоўная мэта, апрача сыходу Лукашэнкі.
Пра сымбаль пратэстаў
Тое, што людзі выйшлі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, — у гэтым ёсьць сэнс і праца. Уся барацьба, пачынаючы ад 1990-х, ішла пад бел-чырвона-белым сьцягам. Гэта не прапала, а адкладалася ў памяці людзей. І калі зьяўляецца альтэрнатыва, то людзі бяруць, што ўжо ёсьць.
Пра беларусаў
Беларусы ўратавалі самі сябе. Гэта была поўная нечаканасьць і для Лукашэнкі, і для Масквы, што народ так адрэагуе. Калі б ня выхад людзей, то рэалізаваўся б сцэнар Масквы па захопе Беларусі. Людзі адчулі, што яны беларусы, што гэта наша краіна, што мы тут гаспадары.
Пра адсутнасьць лідэраў пратэсту
Гэта вельмі добра. Калі б былі клясычныя лідэры, то гэты рух можна было б зьнішчыць вельмі хутка. Бо кожны разьвівае сваю самадзейнасьць, актыўнасьць і арганізаванасьць. І зьяўляюцца формы, дваровыя чаты, які паказваюць, што нацыя кансалідуецца.
Пра мірны характар пратэсту
Галоўная сутнасьць нашай рэвалюцыі — мірны плян. Пакуль яна будзе мірная — яна будзе масавая. Як толькі яна перарасьце ў збройныя канфлікты, то 90% перастане на іх хадзіць.
Мэта рэвалюцыі
Пакуль людзі выходзяць, б’юць у барабаны, сьпяваюць песьні, яны кансалідуюцца. Ідзе працэс адраджэньня нацыі. Гэтымі 100-тысячнымі маршамі мы не пераможам рэжым адразу, але крок за крокам ён пачынае распадацца, панікаваць і губляе ўпэўненасьць у сваіх сілах, і міжнародная супольнасьць адварочваецца. А тыя, хто выходзіць, наадварот, набываюць упэўненасьць.
Пра палітычны крызіс
Канфлікт, які цяпер адбываецца, гэта канфлікт двух маскоўскіх праектаў. Лукашэнка выкінуў Цапкалу, пасадзіў Бабарыку. Нацыянальныя сілы знаходзяцца ў падпольлі, турме ці за мяжой. Але толькі за імі можа быць будучыня Беларусі. Калі пераможа адзін з гэтых праектаў, то Беларусь будучыні ня мае: ні за Лукашэнкам, ні за Бабарыкам.
Пра Пуціна
У Сочы Пуцін даў Лукашэнку два месяцы, каб той расправіўся з рэвалюцыяй. Цяпер Пуцін ня пойдзе ні на якія перамовы ні з кім, ні на якія дыялёгі. Бо ўсё, што будзе вырашана на гэтым дыялёгу, будзе прыпісана рэвалюцыі. Ён ня можа дапусьціць, што ён зрабіў ход па зьняцьці Лукашэнкі пад уплывам рэвалюцыйных умоваў. Гэта прыклад для Расеі, і ён гэтага баіцца.
Пра адсутнасьць антырасейскіх лёзунгаў
Людзі пазьбягаюць антырасейскіх лёзунгаў, і на дадзеным этапе гэта правільна. Лёзунгі «Пуцін, ня лезь», — яны ёсьць. Гэтага дастаткова. Паленьне расейскіх сьцягоў — гэта справа правакатараў. Нашы людзі разумныя, і яны гэтага ня робяць.
Пра перамогу
Павінен захоўвацца мірны характар рэвалюцыі і стварацца паралельнае жыцьцё: школы, самавыражэньне і самакіраваньне.
Перамога можа быць толькі тады, калі гэта будзе нацыянальны рух. Калі людзі будуць уяўляць, хто іхны вораг. Пастаянны вораг, які пагражае Беларусі, — імпэрская палітыка Расеі. Нацыянальны рух павінен мець нацыянальную сьведамасьць і мову. Да гэтага часу мы маем толькі сымболіку і разуменьне, што мы беларусы.
Калі людзі адчуваюць нацыянальную годнасьць, то рэжым упадзе, як асеньні ліст, нават АМАП разьбяжыцца. Імгненна нічога ня зробіш.
У 2010 годзе людзі спалохаліся. А цяпер — не спалохаліся. Таму што народ адчуў локаць адзін аднаго.