Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зянон Пазьняк: «Пляны Пуціна зайсьці ў Беларусь не спыніліся і ня спыняцца»


Зянон Пазьняк. Архіўнае фота.
Зянон Пазьняк. Архіўнае фота.

Лідэр Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк, які ад 1996 году знаходзіцца ў палітычнай эміграцыі, мяркуе, што ад міжнароднай супольнасьці патрэбна ня толькі маральная падтрымка грамадзян Беларусі, якія выйшлі на масавыя пратэсты, а і выразныя крокі, каб стрымаць Расею ад агрэсіі супраць Беларусі.

«Найперш, што патрэбна — гэта маральная падтрымка, таму што сытуацыя ў Беларусі ўнікальная — выступае народ бязь лідэра. Лідэрам зьяўляецца сам народ. Некаторыя гэтага не разумеюць, лічаць, што гэта слабасьць, але гэта моц. Бо калі б быў лідэр, ён ужо даўно быў бы мёртвы або сядзеў бы ў камэры — такі рэжым. А паколькі ёсьць народ, які самарэалізуецца, яны спрабавалі гэты народ зьнішчаць, пастралялі, пабілі, пакалечылі, і гэтым самым напісалі сабе прыгавор», — заявіў Зянон Пазьняк у часе скайп-сувязі зь Беларускім інфармацыйным цэнтрам у Кіеве.

Зянон Пазьняк перакананы, што «пляны Пуціна зайсьці ў Беларусь не спыніліся і ня спыняцца», таму міжнародная супольнасьць павінна вельмі выразна паведаміць наступствы такога кроку для расейскіх уладаў:

«Тое, што мы цяпер назіраем, — гэта жаданьне зрабіць немагчымае, уступіць у дыялёг з Лукашэнкам, пачаць перамовы... Ад гэтага нічога ня будзе. Лукашэнка ні з кім ня будзе перамаўляцца, у яго ёсьць сіла, і ён на гэтую сілу ставіць. Гэта вельмі важны аспэкт для міжнароднай супольнасьці ў палітычным пляне, каб стрымаць Расею, каб яны зразумелі, што калі яны пойдуць на Беларусь, як на Ўкраіну і Грузію, то іх чакаюць вялікія непрыемнасьці. У міжнароднай супольнасьці ёсьць такія магчымасьці паўплываць. Іншая справа, што ў іх не хапае палітычнай волі».

Зянон Пазьняк таксама перакананы, што нельга дазволіць уцягнуць Беларусь у перамовы «трохкутніка» — Расеі, Нямеччыны і Францыі. «Калі гэта будзе, значыць, будзе яшчэ горш, чым ва Ўкраіне. Гэта будзе канец рэвалюцыі. Таму я б прасіў разгледзець такі момант на гэты выпадак, каб у гэтай сытуацыі дзейнічала Ўкраіна. Украіна — наш сябар, Украіна прайшла цяжкі шлях у адносінах з Расеяй і знаходзіцца ў стане вайны. З такіх момантаў трэба разглядаць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG