Пра гэта інфармуе DW.
Супрацоўнікі выведкі ЗША падазраюць, што Расея можа быць адказная за напады з ужываньнем «накіраванай энэргіі» у дачыненьні да шэрагу амэрыканскіх дыпляматаў. Пра гэта ў нядзелю, 27 чэрвеня, паведаміла газэта The Washington Post (WP) са спасылкай на прадстаўнікоў амэрыканскай выведнай супольнасьці.
Так, у 2017 годзе ў выніку шэрагу «нападаў» — як ахарактарызавала іх тады адміністрацыя Дональда Трампа — захварэлі некалькі амэрыканскіх дыпляматаў і супрацоўнікаў выведных службаў. У гэтай сувязі Вашынгтону давялося вывозіць супрацоўнікаў з амбасады і консульства ЗША на Кубе. Гавана тады адмаўляла якую-небудзь датычнасьць да ўзьнікненьня мазгавых парушэньняў у грамадзян ЗША, прычына якіх дагэтуль ня высьветлена.
The Washington Post: маглі ўжывацца мікрахвалі або іншыя формы накіраванай энэргіі
Пазьней, паводле дадзеных WP, зьявіліся паведамленьні пра аналягічныя інцыдэнты ў Кітаі, Расеі і нават у саміх Злучаных Штатах. Амэрыканская выведная супольнасьць цяпер лічыць, што да іх можа быць датычная Масква, прычым атакі, магчыма, ажыцьцяўляліся «з выкарыстаньнем мікрахваляў або іншых формаў накіраванай энэргіі», піша выданьне.
На падставе чаго былі зроблены высновы аб адказнасьці РФ, выданьне не ўдакладняе, аднак спасылаецца пры гэтым на высокапастаўленага прадстаўніка амэрыканскай адміністрацыі, які заявіў, што Вашынгтону «яшчэ неабходна пераканацца», што высновы «правільныя».
Расейскі бок на абвінавачваньні пакуль не адрэагаваў.
«Акустычныя атакі»
«Акустычныя атакі» на супрацоўнікаў пасольства ЗША ў Гаване фіксаваліся з канца 2016 году, дэталёвая мэдычная справаздача пра іх зьявілася ў сакавіку 2018 году.
Першапачаткова мікрахвалёвае выпраменьваньне ў ёй ня згадвалася. Аднак ужо ў верасьні 2018 году ў інтэрвію The New York Times такую вэрсію агучыў, у прыватнасьці, дырэктар дэпартамэнту нэўрахірургіі Ўнівэрсытэту Пэнсыльваніі прафэсар Дуглас Сміт, які зьяўляўся адным са складальнікаў дакладу.
У жніўні 2017 году тагачасная афіцыйная прадстаўніца Дзярждэпартамэнту ЗША Гэзэр Наўэрт паведаміла, што Вашынгтон зафіксаваў некалькі «інцыдэнтаў», у выніку якіх амэрыканскім дыпляматам спатрэбілася мэдычная дапамога, пасьля чаго яны выехалі з Гаваны.
- Пацярпелыя скардзіліся на страту слыху, моцныя галаўныя болі, страту пачуцьця раўнавагі і кагнітыўныя парушэньні.
- У далейшым такія выпадкі паўтарыліся, закрануўшы, як паведамлялася тады, агулам 22 супрацоўнікі амбасады ЗША ў Гаване.