Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат Калесьнікавай даведаўся пра перадачу справы ў суд з інтэрнэту


Марыя Калесьнікава, архіўнае фота
Марыя Калесьнікава, архіўнае фота

25 чэрвеня ён сустракаўся з Марыяй Калесьнікавай аб 11:40, і тады яны ня ведалі пра перадачу справы ў суд, хоць Генпракуратура апублікавала паведамленьне ў «Тэлеграме» аб 10:11.

«На момант нашай сустрэчы ў 11:40 такой інфармацыі Марыі не паступіла. Асабіста я даведаўся пра накіраваньне справы ў Вярхоўны Суд з тэлеграм-каналаў і ўжо пасьля таго, як пакінуў ізалятар», — сказаў адвакат Уладзімер Пыльчанка у інтэрвію сайту babariko.vision.

Ён дадаў, што Марыя ня згодная з прадʼяўленым абвінавачаньнем і падавала хадайніцтвы пра спыненьне крымінальнага перасьледу.

Адвакат думае, што працэс будзе публічным.

Пыльчанка сказаў, што Марыя Калесьнікава за кратамі шмат чытае і займаецца спортам.

«Ні разу не даводзілася бачыць яе раззлаванай ці не ў гуморы. Увесь час пасьміхаецца і сьмяецца. Нягледзячы на часовыя нязручнасьці, Марыя ні пра што не шкадуе і пачуваецца свабодным чалавекам. Да пытаньня, як яна ставіцца да крымінальнай справы, пэўна, найлепш падыдзе слова іранічна.

Марыя ў курсе падзей, увесь час цікавіцца хадой працэсу як у дачыненьні да Віктара Бабарыкі, так і іншых абвінавачаных. Упэўнена, што ўсё будзе добра і хутка ўсе змогуць пабачыцца з сваімі роднымі і блізкімі. Перадае прывітаньне ўсім беларусам», — сказаў Уладзімер Пыльчанка.

У чым вінавацяць Калесьнікаву і Знака

Паводле пракуратуры, Максім Знак і Марыя Калесьнікава,

  • «згодна з плянам, у розных месцах, абвясьціўшы і пазыцыянуючы сябе прадстаўнікамі пераважнай большасьці грамадзян Беларусі, рыхтавалі і публічна агучвалі заявы пра перамогу на выбарах кандыдата Ціханоўскай С.Г.,
  • страту народам Беларусі даверу да органаў улады і кіраваньня, слабасьці дзейнай улады.
  • Заклікалі да страйкаў на дзяржаўных прадпрыемствах з выстаўленьнем выключна палітычных патрабаваньняў як легальнага спосабу выказваньня сваіх думак.
  • Неаднаразова прама і ў завуаляванай форме заклікалі да прызнаньня выбараў несапраўднымі, а дзейнага кіраўніка дзяржавы нелегітымным.
  • На прэс-канфэрэнцыі, праведзенай 18 жніўня 2020 году ў Менску, Калесьнікава, Знак і шэраг іншых асобаў заявілі аб стварэньні на ініцыятыву Ціханоўскай так званай «Каардынацыйнай рады» як адзінага прадстаўнічага органа беларускага грамадзтва для арганізацыі перадачы ўлады».
  • Іх дзеяньні пракуратура ацаніла як намаганьні для «захопу дзяржаўнай улады і зьмены палітычнага кіраўніцтва неканстытуцыйным шляхам; распальваньне палітычнай, ідэалягічнай і сацыяльнай варожасьці ў грамадзтве».


Справу перадалі ў суд, а меру стрыманьня для Знака і Калесьнікавай пакінулі ранейшай – утрыманьне пад вартай.

Калесьнікава і Знак віну не прызнаюць. Раней адвакаты Марыі Калесьнікавай падчас знаёмства з матэрыяламі крымінальнай справы падалі скаргу ў Сьледчы камітэт на пастанову аб прыцягненьні яе ў якасьці абвінавачанай. Але скаргу адхілілі.

Як адзначае тэлеграм-канал штабу арыштаванага прэтэндэнта ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі, пастанова не адпавядае патрабаваньням Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, выкладзеным у п. 2 ч. 1 арт. 241 і арт. 89.

Абвінавачваньне не канкрэтнае, не зьмяшчае неабходных, прадугледжаных законам, зьвестак, што не дазваляе Марыі Калесьнікавай ажыцьцяўляць сваю абарону.

Перасьлед Марыі Калесьнікавай

Марыю Калесьнікаву схапілі летась 7 верасьня ў цэнтры Менску. На наступны дзень стала вядома, што яе і двух прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады, Антона Раднянкова і Івана Краўцова, гвалтоўна вывезьлі ва Ўкраіну.

Аднак Калесьнікаву выправадзіць зь Беларусі не ўдалося — на мяжы яна парвала свой пашпарт. Тады ёй выставілі абвінавачаньне «ў закліках да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, учыненых з выкарыстаньнем СМІ і сеткі інтэрнэт».

У канцы сьнежня Генэральная пракуратура завяла супраць шэрагу сяброў Каардынацыйнай рады крымінальныя справы «па фактах стварэньня экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньня ім з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

Перасьлед Максіма Знака

Юрыста і сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады Максіма Знака затрымалі 8 верасьня.

Яго абвінавацілі ў закліках да дзеяньняў, накіраваных на шкоду вонкавай бясьпекі Рэспублікі Беларусь, яе сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасьці, нацыянальнай бясьпецы і абараназдольнасьці (3/361).

У канцы сьнежня 2020 году Генэральная пракуратура завяла супраць Максіма Знака і іншых сяброў Каардынацыйнай рады крымінальныя справы «па фактах стварэньня экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньня ім з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

«Ніякіх законных падставаў ні для аднаго з абвінавачаньняў няма, — заявіў з гэтай нагоды адвакат Дзьмітры Лаеўскі».

Сёлета ў лютым Марыю Калесьнікаву і аднаго зь яе адвакатаў Максіма Знака абвінавацілі ў «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» (ч. 1 арт. 357) і ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньні ім» (ч. 1 арт. 361-1).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG